Прасую марна неба

Светлана Кулакевич
Прасую марна неба:
Яно ўсё мнецца марай.
Збіраюся паснедаць –
Глытаю мэмуары.

Ды застраюць у горле,
Бо шмат у складзе праўды.
Я марыла пра горы,
А здзейсніла курганы.

Шукаць ідэю ў тытрах.
Малевіч – ён бязглузды:
У чорным, зрэшты, рыфмы
Няма і ўжо ня будзе.

Шукаю яркіх фарбаў:
Так не хапае света
Маім пахісным марам
І вершам у паэта.

І я кажу ўпарта:
«Ня збыцца думкам, Света»,
Пакуль я толькі марна
Ізноў прасую неба.