О скромности... бел

Тамара Кошевая
Аб сціпласці...

Паэтаў, кажуць, красілі заўжды
Прыгожыя і сціплыя ўласцівасці?
Усё лухта! Не тыя ўжо гады,
І мне, сябры, прабачце, не да сціпласці.

Мой знак – Авен, стыхіі знак – агонь,
У тым – мая планіда чалавечая.
А на задворках таленту свайго
І так праседзела амаль паўвека я!

Не вылучыць і не ускалыхне
Матлянне між апошнімі і першымі.
Хачу, каб людзі ведалі мяне
І грэлі душы над маімі вершамі!

О, Муза, твой караючы бізун,
Мне не дае ад сціпласці затойвацца
І ў адзіноце абраняць слязу,
Калі радком душа мая патоліцца.

Так! Пацягну свой крыж я на гару.
Не! Не вымольваю сабе я міласці.
Надыйдзе час – няхай і я памру,
Але сваёю смерцю, не ад сціпласці!