Ода Авдеевой бане... бел

Тамара Кошевая
Ода Аўдзеевай лазні
 
Цела абдымае жарам –
Ці то п’яны, ці цвярозы!
Ой, ты, лазня з лёгкім парам!
Ой, ты, венічак з бярозы!

І душа тут маладзее,   
І распарваюцца косці…
Ходзім да дзядка Аўдзея
Мы у лазню – як у госці!
 
Квасу плёхне на каменне –
Пар струменем узнясецца!
Счырванееш за імгненне
І мацней заб’ецца сэрца.

Ад касцей адстане мяска,
Бы то студзень даварыўся,
Расквітнее, нібы краска,
Змаладзелая Марыся.

Ну, а потым… потым дзедка
Б’е нас венікам без жалю,
Б’е мяне, Марыську, Светку,
Сала выбівае з Галі…

На паліцы з той нагоды
Дух адзінства паміж намі –
Стогнуць дзеўкі з асалоды
Пад такімі бізунамі!

Сажалка каля ўваходу
Падаецца пэўным раем,
Мы з той лазні не выходзім,
А папросту выпадаем!

Каб крыху ахаланіцца,
Мы на дно ідзем каменнем…
Здавальнелы дзед смяецца,
Каля дзевак ходзіць пеўнем…
 
Ох, дзядуля, кат мой любы,
Хто ж прылюдна ўсіх цалуе!
Пападзе ад бабы Любы,
Баба Люба не даруе!

- Не-е, кабеткі, не кажыце!
Помніць Любачка і знае:
Як кахаў яе – у жыце! –
Так дагэтуль и кахаю.

І  якая ж, дзеткі, свара,
І  якія ж там пагрозы,
Калі лазня з лёгкім парам,
Калі венічак з бярозы!