Бурьян... бел

Тамара Кошевая
Бур’яны

Дзе над узвышшам хмаркі ходзяць,
Дзе не арана колькі год,
Скубу я пырнік у гародзе,
Каб стаў цывільным агарод.

Уладкаваць усё патрэбна,
Таму ў мяне запал такі,
Сякерай, як заўзяты Рэмба,
Карчую нейкія пянькі.

Нямее ад напругі шыя,
Сцякае пот на бараду…
Скубу я клёнікі малыя,
Скубу палын і лебяду.

- Ах, ты ж, упартае стварэнне!-
Сварыліся са мной яны,
І ўпіраліся карэннем
З усёю сілай бур’яны.

Насеннем іх прымала глеба
І думала: “Вось, нараджу!”
Яны імкнуліся да неба,
Напіцца сонца і дажджу.

І прарасталі ў ейным целе
З вялікай прагаю жыцця…
Яно ж для нас, як пустазелле,
Зямлі – як роднае дзіця. 

…Прымаеш пасынкаў, міжволі,
У градак ускапаны рад…
Даруй, зямля, мне за фасолю,
За кроп, радыску ды салат!