Стих к людям... бел

Тамара Кошевая
                "А чаго захацелася ім,
                Пагарджаным век, сляпым, глухім?
                Людзьмі звацца!"
                Янка Купала

ВЕРШ ДА ЛЮДЗЕЙ
   
Няхай дакорам мне не будзе,
Што думаю наадварот.
Люблю, калі гавораць: “людзі”
І не люблю, калі – “народ”.
 
Спрабуйце, людцы дарагія,
Каб на мяне не крыўдаваць,
Два словы, розныя такія,
На слых і смак пакаштаваць.

І зразумееце адразу
Якой нудой маршчыню лоб:
Я не люблю такую масу
Абезаблічаных асоб.

І так, і гэтак, і нанова
Крыўлю я прамаўленнем рот,
Невінаватая, што слова
"Народ" – гучыць мне, як "прыплод".

Не дасць ілжою мне ўпівацца
Мая сумленная рука.
Я слова не люблю “грамадства”
Мілей мне слова “талака”.

Адно – шкрабе, як кот бязродны,
Другое з ласкаю  вядзе,
Бо грамада – яна з народа,
А талака – яна з людзей.

За думкі, вартыя дэбатаў,
Даруй мне, люд мой дарагі!
Я – музыкант. А музыканту
Гучыць усё, не як другім.

Напрыклад, як парой часова
Мяне ўзнімае дагары
Такое ёмістае слова –
Не “спевакі”, а “песняры”.

Адныя – зорак не хапаюць,
Другія – душу ў песнях льюць.
Бо спевакі – яны спяваюць,
А песняры – яны пяюць!

Якою мовай карыстацца –
Ад нас залежыць ад саміх.
Калі ж людзьмі мы хочам ЗВАЦЦА,
Паперш павінны БЫЦЬ людзьмі.

І мару я: калісь са мною
Ў адказ на думачку маю,
Адной вялікай ТАЛАКОЮ
Шчасліва ЛЮДЗІ ЗАПЯЮЦЬ.