Кульгавы сандалик вершы, загадки, казки

Анатоль Кудласевич
               
                Анатоль КУДЛАСЕВІЧ


                К У Л Ь Г А В  Ы    С А Н Д А Л І К

                З М Е С Т

          Раздзел першы  “В е р ш ы”

1. Ламбада
2. Кульгавы сандалік
3.Гузік
4. Зазывалачка
5. Літара “О”
6. Вучні
7. Дамасед-дармаед
8. Апетыт
9. Вожык
10. Заіка-зайка.
11. Праблема выхавання.

Раздзел другі “Азбучныя акравершы”

 Раздзел трэці  “З а г а д к і”

13. Што там такое ў нашым пакоі?
14. Поры года
15. “Яшчэ гуляць не хутка час…”
16. “Адкажыце, калі ласка!..”

       Раздзел чацвёрты: “Чароўная скарбонка”( к а з к і)
17. Кропка над “і”
18. Не чапай ручая!
19. Дойлід
20. Хатні філосаф
            
Раздзел першы “в е р ш ы”
             
  ЛАМБАДА

Не сядзіцца Насці ў хаце.
Дождж  прайшоў па вуліцы.
Вельмі хоча забаўляцца –
Да матулі туліцца:

— Буду слухаць цябе, мамка,
Не пярэчыць ані ў чым,
Толькі выйдзем на палянку,
Па сцяжынцы прабяжым.

Крок за крокам Насця скок!
Ой, як Насця рада:
На сцяжынцы чарвячок
Танцуе  л а м б а д у.
 
          
            КУЛЬГАВЫ САНДАЛІК
          Разбалеўся мой сандалік,
          На назе маёй кульгае,
          І баліць так і кульгае
          Разам з ім мая нага.
          Коля з Вовачкам сказалі:
           — Ты знімі з нагі сандалік,
         Кінь пад ложак яго ў спальні –
         Хай цяпер кульгае сам!

               

                ГУЗІК 
Парасятка ўбачыў Юзік,
На ўсю вуліцу крычыць:
— Паглядзіце, людзі, людзі!
Там у хрушы на лычы
Гузік беленькі тырчыць.
               
              ЗАЗЫВАЛАЧКА
Ку-ка-ку, ку-ка-рэ-ку! –
Кліча пеўнік курачку,
Крылцамі пахлопвае,
Кіпцюрком прытопвае:
“Ко-ко, — кажа, — куркі як?
Адшукаў я шмат зярнятак,
Курцы будзе й кураняткам”.
       
        ЛІТАРА “О”
Оду Вольга напісала
Па люстэрачку вады.
Што пісала – ўсё прапала,
Літар згінулі сляды.
Напісала раз, другі –
Па вадзе пайшлі кругі.
Так і піша Вольга оду
Аж бярэ дарослых одум:
Што напісана было –
За вадою ўсё сплыло,
Засталося толькі “О-о-о!”.


              ВУЧНІ
Вова вучыць мову.
Пераблытаў словы:
Пасяліў навечна
Ён шпака ў шпакечню.

А таварыш Янка,
Прачытаўшы — “ вырай”,
Вырашыў, што ямку
Трэба тут жа вырыць.

ДАМАСЕД-ДАРМАЕД
Дамаседка, дамасед!
Цэлы дзень сядзіць, як дзед,
І на печы грэе плечы,
Ні нагой нікуды з дома,
Нат не ходзіць да знаёмых.
Як да працы — дык лайдак,
Есці  ж — першанькі аднак!
Будуць ведаць гэта людзі —
Дармаедам цвяліць будуць.
      
        АПЕТЫТ
Захварэла наша Рыта,
І не стала апетыту.
Выпраўляе мяне мама:
— Ты схадзі, сынок, у краму
І купі для хворай Рыты
Кілаграмчык апетыту.
               

           ВОЖЫК
— Вожык-вожычак! Навошта
Столькі голачак табе?
— Калі б не было іголак —
Быў бы, брат, зусім я голы:
Мяне драпкала б і кошка,
Растаптаў бы і мядзьведзь,
І яшчэ сястра-лісіца
Захацела б пажывіцца,
А калматы б воўк сівы
На абед мяне злавіў.
          Не бывае гэтак толькі –
          Берагуць мяне іголкі.
Абламала кошка драпкі,
Абкалоў мядзьведзік лапкі,
А сястра-хітрыца ліска
Нарабіла енку-піску,
А калматы воўк сівы,
На ўвесь лес ажно завыў —

Вось і ты, які ўжо смелы —
А не возьмеш ручкай белай.

     ЗАІКА-ЗАЙКА
Заіка-зайка заікаўся,
На кожным слове спатыкаўся,
Бо дзецям так здавалася.
Сказала неяк Райка:
— Не заікайся, зайка!
А потым цёця Рыма
Нам гэтак гаварыла:
— Давайце, дзеткі, разам
Усім дзіцячым садам
Папросім зайку-братку:
Не заікайся, зайка!
— Ды што вы! — кажа Віка, —
Нічога вы не знаеце
Пра заіку, пра заіньку.
Мой зайчык не заіка,
Зусім не заікаецца,
Ён гэтак называецца: З А - І – КА…

   
ПРАБЛЕМА ВЫХАВАННЯ
    (дзіцячая песенька)
Купіла маці фарбы мне,
Каб стаў я мастаком,
І дзве гадзіны ўпарта я
Праседзеў за сталом.
Ды толькі штосьць не клеіцца,
Не пішацца ані —
А мамачцы ўсё верыцца:
Я — Сальвадор Далі!
        Прыпеў:
        Пайду я пагуляю
        Ад ранку да цямна.
        Кім быці мне — не знаю:
        На вуліцы вясна.

Бацькі купілі скрыпачку,
Купілі піяніна —
А мне зубамі скрыгачы:
Іграй, як Паганіні!
Ці ж разабрацца ў гэтакіх
Бемолях і дыезах?
Пайду я лепш са Светачкай
На гушкалку залезу.
          Прыпеў:
          Пайду я пагуляю
          Ад ранку да цямна.
          Кім буду я — не знаю:
          На вуліцы вясна.
Схаджу на Камароўку,
Прадам свой інструмент:
І фарбы, і алоўкі —
За дзве цаны, не менш.
Наб’ю кішэні жвачкаю,
Я сам сабе на ўме,
Бо разрашыў задачку іх:
Ад сёння – бізнесмен!
        Прыпеў:
        А я сабе гуляю
        Ад ранку да цямна.
        Кім буду — я ўжо знаю!
        На вуліцы вясна!



Раздзел другі  А з б у ч н ы я    а к р а в е р ш ы

 (некалькі варыянтаў   урока  роднай мовы ў выглядзе гульні)
 (Выкарыстоўваюцца пры вывучэнні алфавіта роднай мовы, першыя літары кожнага слова ідуць у азбучным парадку, што спрыяе не толькі добраму вывучэнню парадкавага ладу алфавіта, але і дапамагае дзецям пазнаваць некаторыя азбучныя ісціны, як гэта практыкавалася ў добрай сівой даўніне: Аз, Букі, Ведзі… Глаголь, Дабро, Ёсць…Рцы, Слова, Твёрда…, і гэтак далей. 
         Словы, што стаяць у дужках, узаемазамяняемыя:  завучваюцца на памяць або, па меркаванню настаўніка, апускаюцца. У залежнасці ад падрыхтоўкі дзяцей, даецца некалькі варыянтаў азбучных акравершаў).

            1.  Акраверш азбучны
Азбуку
Буду
Ведаць –
Гэта
Добра.
ДЖэм,
ДЗе? (ДЗякуй!)
Есці —
Ёсць
Жаданне
Здаровае.
І
Йогурт
Кожны
Любіць.
Магу
Наесціся,
Ого!
Пазнаваць
Роднае
Слова
Трэба.
УбачыЎ
Ў- нескладовае  ( рэдка пішацца ў пачатку)
Фразы.
Хлеб
Цудоўнага
Чалавека —
Шанаваць!
Ы, — літара, як і
Ь — мяккі знак.
Эстафета
Юным
Якраз.
( Яшчэ  адзін раз: Азбуку Буду Ведаць…)

                2. Акраверш азбучны
Алфавіт
Будзем
Ведаць –
Гэта
Добра.
ДЖэм? (джгаць джалам: ДЖэ – таксама літара)
ДЗякуй! ( у пераДЗе слова – літара ДЗэ).
Ежа
Ёсць
Жыццёвая
Здольнасць.
Ісці да ісціны ігроЙ,
Й-кароткае ў канцы слова.
Каб
Лад
Мець –
Неабходна,
Ого-го!
Пазнання.
Розум
Святло
Тваё.
УбачыЎ
Ў-нескладовае ў канцы слова, але не ў пачатку
Фразы.
Храм
Цудоўнага
Чалавека
Шанаваць.
Ы – літара, як і
Ь — мяккі знак.
Эстафету
Юнакам
  Яшчэ раз?…
Алфавіт…Будзем… Ведаць…

       
  3. Акраверш азбучны
Азбуку
Божую
Ведаю —
Гавару
Дабро:
ДЖала,
ДЗеткі,
Едка
Ёсць.
Жыццё
Зберагаюць
Ідэалам:
Й-
Кароткае.
Любіце
Мову
Народа,
Отракі!
Пазнавайце
Роднае
Слова:
Трэба
Увайсці
Ў— нескладовае
Фармуляванне:
Хлеб
Цаніць
Чалавечай
ШчЫрасці.
Ы – літара, як і
Ь – мяккі знак.
Эстафета
Юным
Ясная?

Азбуку… Божую… Ведаю…Гавару… Дабро…
(…Яшчэ расці вам, дзеці, да літары  «Щ»… У рускай мове яна ёсць. Пазней вы будзеце вывучаць рускі алфавіт, але спачатку вывучаюць родны. У беларускім алфавіце літары «щ» няма, затое ў роднай мове ёсць літары, якія адсутнічаюць у рускай  – гэта літары ДЖ і ДЗ. Успомнім: джала, дзеткі, едка ёсць…У каго ёсць джала? Так, у пчолкі ёсць джала. Пчолка бароніць джалам ад ворагаў сваю сям’ю, мядок свой ахоўвае…  Нашы продкі падарылі нам  цэлых дзве літары ДЖ і ДЗ, а гэта значыць, што  родная мова багацейшая, чым суседняя руская. Мы яе павінны ахоўваць, зберагаць і бараніць ад чужынцаў.  Пакуль жыве мова – жыве народ. Гэта Родная мова. Яе дала нам маці. Яна не горшая і не лепшая за мовы іншых народаў, хаця па мілагучнасці многімі вучонымі ставіцца на першае месца сярод моў  народаў свету. Але справа ў тым, што яна Родная: вы ж не чулі, каб певень гаўкаў, а свіння кукарэкала? І не пачуеце ніколі, гэта натуральна. Таму і мы беларусы павінны ведаць родную мову, не толькі ведаць, але і карыстацца ёю.
        Маці, Радзіму, Мову – не выбіраюць,  гэта даецца з нараджэннем. У рускай мове, напрыклад, 33 літары, а ў роднай – 34! Бачыце, на цэлую літару наша мова багацейшая за суседнюю. У рускай мове ёсць літара, якой няма ў роднай – гэта «Ъ» (цвёрды знак), але ў нашай мове, замест цвёрдага знака выкарыстоўваецца знак апострафа:

Калі ўмееце лічыць, дык выходзіць, што родная мова багацейшая на цэлых дзве літары, а гэта значыць: наша мова мае больш магчымасцей у перадачы гукаў, чым роднасная нам, руская мова.
         Запомніце, дзеткі, што роднасная мова ў галаве, а Родная — у  сэрцы чалавека.
       Ну што ж, паслухалі вы пра літары рускай мовы,  і забыліся, напэўна, пра што мы гаварылі? Пачнём спачатку?
Азбуку, Божую, Ведаю…(Дарэчы, у многіх народаў свету спрадвеку лічылася, што мова і алфавіт даюцца людзям непасрэдна Богам)
Азбуку…
Божую…
Ведаю…

                Раздзел трэці “з а г а д к і”


Давайце будзем  па парадку
Адгадваць дзіўныя загадкі.
Уважліва слухайце першую,
Адказ можа знойдзеце ў вершы вы?
              *     *    *
Ходзіць дзень ён каля хаты,
І крылаты, і хвастаты,
Ранкам сонца будзіць спевам,
А завецца проста?… (певень).
         *       *     *
Не бывае вясёлкі без сонца.
Зіма не прыходзіць без снегу.
Як хаткі няма без ваконцаў,
Так свята не будзе без?… (сонца, смеху).
                *   *   *
Шчыпле шчокі, шчыпле нос –
Гэта лютаўскі?.. (мароз).
                *     *       *
А зараз загадкі складаней:
Адкажа мне хто на пытанне?
                * * *
Што там за дзядзька квадратны, пузаты
Стаіць і вуркоча амаль без супыну,
А есці захочацца — мама ці тата
За ручку пацягнуць і “дзядзьку” адчыняць? (халадзільнік).               
             * * *
Сто тысяч белых мух
Лятаюць, быццам пух,
Якая сядзе на шчацэ –
Адразу кропляй пацячэ? (сняжынка).
                * * *
Сцежанькай-дарожанькай
Бяжыць клубочак шэранькі.
Іголкамі пакрыты ён,
Але не мае нітачак? (вожык).
             * * *
Стаіць пані ў сарафане,
А вакол яе народ,
Песні, скокі, карагод –
Хто на пані вокам гляне,
Скажа: “Гэта новы год” (ёлка)
               *        *        *
Ёсць шмат таямніча-цікавага ў свеце —
Ды ўсё адгадаюць разумныя дзеці…
Не будзем хадзіць па загадкі далёка,
Адгадваем тое, што блізка, пад бокам.
               
       Што ёсць такое ў нашым пакоі?

Што там такое ў нашым пакоі:
Вісіць на сцяне, хто заглядае –
Сябе там бачыць? Вось дзе задача:
Што ж там такое ў нашым пакоі? (люстэрка).
            *      *      *
Што там такое ў нашым пакоі:
Груша малая — а ўсё асвятляе,
Як сонца ззяе, гарыць без дыму? (лямпачка).
             *       *       *             
Праходзіш міма,  націснеш кнопку,
Адразу раптам наступіць ночка?   (выключальнік).
  *     *   *
Што там такое ў нашым пакоі:
Ляжыць на ложку, ды не дзіцятка,
Пушысты, мяккі, але не цацка,
Ён любіць часта з клубком гуляцца,
Яшчэ кусацца і кіпцюрамі
Надрапаць раны? (коцік).
                *      *     *
Што там такое ў нашым пакоі:
Чатыры ножкі, але не ходзіць,
Па ўсёй кватэры яго цягаюць,
А як паставяць — наверх сядаюць? (табурэтка).
               *     *     *
Што там такое не ў нашым пакоі:
Хто  к нам прыходзіць — на прывітанне
Руку ёй  першай заўжды працягне?   (ручка дзвярэй)

            Поры года.

Прыйшоў чараўнік і забраў чаравікі,
І лёгкую кепку змяніў на вушанку,
На вуліцы белым сняжочкам пасыпаў:
— Бярыце, дзятва, з сабой лыжы і…(санкі).
Якою парою бывае такое? (зімою).
            *      *     *
Кладзецца ў полі баразна,
І лыжны след паволі знікнуў –
Мы любім ветранную зімку,
Нас радуе сама?… (зіма?..).
          *      *     *   
Памылка, дзеці:
Ніхто на свеце
Не сее зімою!
А сеюць заўсёды?.. (вясною).
            *       *      *
 Падставіўшы сонейку плечы,
Мы дзень прасядзелі на рэчцы.
На лузе збіраем букеты,
Нас радуе звонкае?….(лета)
              *     *      *               
Адлятаюць птушкі ў вырай,
Неба стала раптам хмурым.
Дожджык цэлы дзень маросіць,
Мы яблыкі з саду прыносім –
Так паўсюль пануе?… (восень).
               
 *    *     *
Б’юць мяне палкай. За што? — я не знаю.
Б’юць выбівалкай — я пыл выпускаю,
Потым зусім на падлогу кідаюць,
Топчуць нагамі — ды зноў выбіваюць.
Хто ж я такі? Хто з вас адгадае? (палавік, дыван).
              *      *      *   
Што там такое ў нашым пакоі:
Радочкам цесным стаяць сястрычкі.
    І гэту кніжку як дачытаеш,
Дык потым месца і ёй шукаеш? (кніжная паліца).
          *      *       *
Яшчэ гуляць не хутка час.
Урокі вучыць Апанас:
Гадзіны тры упарта
Працуе ён за партай.
Урэшце ўсё падрыхтавана,
Ён перапісвае старанна,
Крычыць:”Ура!” і да двара
Бяжыць гуляць.
Цяпер пара,
Калі зрабіў усё на пяць.

А ты, хто гэты вершык прачытаў,
Урокі ўсе падрыхтаваў?
            *       *      *
Адкажыце, калі ласка,
Хто не любіць цуда-казкі?
Перагортваем старонку
У “Чароўную скарбонку”.


Раздзел чацвёрты “К а з к і”


ЧАРОЎНАЯ СКАРБОНКА

                К Р О П К А   Н А Д    “і”
  У краіне Беларуская Граматыка жылі літары. Кожная  мела сваю кватэру ў вялікім доме пад назвай Алфавіт. Побач знаходзіўся Дом Знакаў Прыпынку, там жылі Коска, Клічнік, Кропка, Пытальнік і іншыя знакі, якія сябравалі з літарамі. Усіх літар было трыццаць чатыры, трыццаць пятым быў Апостраф: ні гук, ні літара, а так сабе нейкая спатычка пры вымаўленні, але і яна мела асобны знак і агульную павагу. Бо ўсё, што ёсць, можа калі-небудзь і спатрэбіцца…
        Вось скажыце, напрыклад, як вы напішаце без Апострафа слова “сям’я”? Атрымаецца нейкае “сямя” – ні “семя”, ні “цяля”, а нешта зусім  незразумелае.    Не абыйдзешся без Апострафа.
       А   жылі літары ў Алфавіце менавіта дружнай сям’ёй: усе сябравалі паміж сабой і ніхто ніколі не быў пакрыўджаным, нават Мяккі Знак звыкся са становішчам, што яго ніколі не ставілі ў пачатку слова:
         — Падумаеш, важнасць! — распаляўся Мяккі Знак перад якой-небудзь Коскай, — стаяць наперадзе слова. Вунь, Цвёрды Знак ці Апостраф ніколі наперад слова не лезуць і, нічога сабе, — жывуць!
Літары жылі дзеля Вялікага Сэнсу. Увесь час знаходзілі яны яго ў сваіх гульнях: стане, напрыклад, літара Дэ, а за ёю літара О, а затым і эМ у канцы прыклеіцца – атрымаецца слова ДОМ; памяняюцца яны месцамі і выходзіць слова МОД: Дом Мод — весела ім: літары адны і тыя ж, а сэнс розны знаходзіцца. Літара да літары, глядзіш і слова з’яўляецца, слова да слова – вось і сказ напагатове. Гуляюцца літары з  ранку да вечара і з вечара да ранку, і не відаць канца іхнім гульням, бо як не перастаўляюцца яны месцамі, усё адно нараджаецца нейкі новы сэнс, які да гульні нікому быў невядомым.
    Сабраліся аднойчы літары ў двары Алфавіта ў гурток і пачалі загадваць загадкі. Якіх толькі загадак не чулася ў шчыльным коле літар, усім было весела, усе радаваліся. Але вось усярэдзіну круга выбегла надзьмутая літара Я:
     — Я! Я!! Я!!! – закрычала яна, — я загадаю загадку такую, што ніхто і ніколі не адгадае.
     Трэба сказаць, што літара Я была занадта ганарлівай, хоць і было яе месца ў канцы Алфавіта, але ўсюды ёй хацелася быць першай. Яе нават цвялілі “Якаўкай”, бо яна лічыла сябе разумнейшай за ўсіх.
     — А-а-а… А я думаю, а-а-адгадаем, — нясмела прамовіла літара А.
     — П-п-паспрабуем, — сказала Пэ.
     — Канешне, канешне, — дружна закрычалі літары Ка, Нэ і Шэ.
      — Тады слухайце, — літара Я кічліва надзьмула грудзі і стала загадваць: — А і Бэ сядзелі на трубе, А ўпала, Бэ прапала, хто застаўся на трубе?
  — Ха-ха-ха! – рассмяялася Хэ.
— Што тут смешнага? – абурылася  Я.
— Загадка твая зусім просценькая. Ну зусім лёгкая загадка! Нікога не засталося! – заключыла  Хэ.
— Нікога! Нікога не засталося! – падхапілі астатнія літары, — а гонару колькі было.
        — А вось і не правільны адказ, — важна абарвала ўсіх літара Я.
        — Як гэта не правільна? – здзівілася літара А, — калі я ўпала, а Бэ прапала, то нікога ж?…
— Нікога! Нікога!! Пуста там! — наперабой закрычалі літары.
— А вось і не! – зноў выпхнулася наперад Я, — дурні  вы! І яшчэ раз дурні! Я заўсёды гаварыла, што  самая разумнейшая з вас Я, і павінна пачынаць Алфавіт. Вось! Літара І засталася.
— А-а-а! Вось яно што! Сапраўды, а мы і не заўважылі.
— Ціха, ціха! Хтосьці плача, – крыкнуў Клічнік.
Усе прыціхлі. Здалёк пачуліся ўсхліпы. Аглянуліся літары і ўбачылі: ў куточку сядзіць маленькая літара І, сядзіць і горка плача.
— Я такая непрыкметная, — усхліпвала яна, — што мяне ніхто нават і не заўважыў.
— А што цябе заўважаць! – абражліва выпаліла літара Я, — ты нават на літару не падобная! У ва ўсіх фігуры як фігуры, а ты так, палачка нейкая.
Трэба сказаць, што раней І сапраўды выглядала інакш і была падобнай на палачку.
Яшчэ больш літара І залілася слязамі. Здавалася,  нішто на свеце не зможа яе суцешыць.
— Калі так, — прагаварыла яна, глытаючы слёзы, — я тады зусім пайду ад вас. Пайду ў які-небудзь іншы Алфавіт. Там мяне будуць паважаць і ніхто не будзе крыўдзіць, бо там сапраўднае сяброўства.
— Падумаеш, цаца-ляля, — здзекліва прагаварыла літара Я, — і без цябе абыйдземся.
— Што ты гэта гаворыш! – закрычалі кругом.
— Няхай ідзе куды хоча.
Маленькая “і” сядзеда і плакала, яна нічога не магла адказаць на такую знявагу. Так часта бывае ў жыцці: не заўсёды знаходзяцца патрэбныя словы ў адказ на хамства і нахабства.
— Вось дз.ва, яна зус.м не л.тара, а нейк. злучн.к, — прабарматала літара Я і ўсе недаўменна пераглянуліся.
Увесь Алфавіт выбухнуў рогатам. Так літара Я сама сябе пакарала за ганарлівасць, бо кічлівыя больш за ўсё баяцца трапіць у смешнае становішча, што і атрымалася з Якаўкай, калі яна пагрэбавала літарай І.
— Бачыш, якая ты патрэбная? Нельга без цябе абыйсціся, — загаманілі літары, — і як без цябе скласці слова “МІР” – і многія іншыя словы?
— Ціха! – пракрычаў Клічнік, — я вам дапамагу. Літара І падобная на мяне, толькі без кропкі. Давайце для таго, каб яна была больш прыкметнай і прыгожай, паставім зверху над ёю кропку, такую як у мяне. Гэта будзе ўсім напамінам: ніколі не трэба крыўдзіць ніводную літару – усе мы патрэбныя, нават Знакі Прыпынку.
— Правільна! Згодны! – закрычалі літары, — цяпер ты застаешся з намі?
— Застаюся, — прашаптала літара І і ўсміхнулася.
— А ў пакаранне Якаўка назаўсёды застанецца самай апошняй літарай алфавіта, — падвёў вынік Клічнік.
Усе дружна пагадзіліся, нават літара Я ў знак згоды заківала сваёй вялізнай галавой.
Так упершыню над літарай І з’явілася кропка. Таму і сёння, калі трэба вырашыць спрэчнае пытанне і прыйсці да згоды, людзі гавораць: давайце раставім кропкі над і.


                НЕ ЧАПАЙ РУЧАЯ!
     Вялікая барада ў дзеда Якава, аж да пояса, зараз такіх не носяць. Белая, як іней, сівая, як даўніна, як мінуўшчына, прыцярушаная попелам і пылам стагоддзяў. Ох, і казак жа ведае дзед Якаў, цэлую процьму, мабыць, сам іх складае, не можа памятаць звычайная галава столькі гісторый. Таму і ўецца ўюном цэлы дзень каля яго малодшы ўнук:”Раскажы, дзеду, ды раскажы!”
Кажуць, не бывае сяла без праведніка, а я мовіў бы: сірочая душа ў вёскі, калі не жыве ў ёй стары казачнік, такі, як наш дзед Якаў. Без казачнікаў пакаленні паміраюць самі ў сабе, бо няма каму выказаць народныя паданні, ніхто, акрамя іх, не ўмее па-жывому перасловіць гістарычныя легенды. На тым і трымаецца сяло, што жывуць у ім сівабародыя Якавы, якія зберагаюць у сваім сэрцы гаючае бацькоўскае слова.
Бярэ дзед унука, садзіць яго на калені і пачынае казку.
У нейкай вёсцы, далёкай ці блізкай, у нейкі час, даўні ці сённяшні, жыў-быў Янка. Добра жыў ці дрэнна, багата ці бедна, не казаў нам пра гэта, але была ў Янкі жонка лянівая-разлянівая. Пра такіх кажуць на вёсцы: хлеба давай па пуду, а працаваць не буду! Сядзела яна на печы і качаргою дзверы ў хаце адчыняла. Неяк “занядужала” яна і паслала Янку са сваёю бядою да знахаркі, а тая і кажа:
— Прынясі мне што-небудзь з ручая.
— Добра, — кажа Янка, — прынясу.
Ідзе ён па дарозе і думае:”Што ж прынесці ёй?”. Знахарка хітрая была — усім галаву тлуміла.
Прыйшоў на бераг. Булькоча ручай, хвалі на сонцы зіхацяць, пераліваюцца, рыбкі залатыя скачуць. “Ат, — думае Янка, — набяру вады з ручая, занясу знахарцы”. Набраў у бутэльку вады і прынёс да знахаркі, а тая як накінецца на яго:
— Што я цябе прасіла?!
— Прынесці што-небудзь з ручая, — адказвае Янка.
— А ты што мне прынёс?
— Вады з ручая, — не разумее Янка.
— Дык вада з акіяна, а я цябе прасіла прынесці што-небудзь з ручая.
— Як з акіяна? – разгубіўся Янка. – З ручая яна, я ж сам у бутэльку набіраў?
— Калі ты набіраў, — рагоча знахарка, — вада ўжо ў раццэ была, калі ты нёс, яна ў моры была, а зараз – яна ўжо ў акіяне. Зразумеў? Ідзі, — кажа, — і прынясі што-небудзь з ручая, ды не будзь такім дурнем, а то не паправіцца жонка.
Падумаў-падумаў Янка, і праўда, як вытлумачыла знахарка, вада з акіяна… Пайшоў ён і другі раз да ручая.
Прыйшоў, сеў на беразе і думае. Булькоча ручай, хвалі на сонцы зіхацяць, рыбкі залатыя скачуць, а на дне рознакаляровыя каменьчыкі ляжаць ды пабліскваюць. “Што ж прынесці ёй? – думае Янка. – Ніяк гэтай знахарцы не ўгодзіш, і жонка занядужала зусім, не паправіцца ёй без лекаў”. Вельмі засумаваў Янка. “А, — вырашыў ён, — набяру я каменьчыкаў са дна, яны ўвесь век у ручаі ляжаць, не скажа цяпер, што з акіяна прынёс”.
Набраў каменьчыкаў у кішэні і прынёс да знахаркі, а тая яшчэ горш залямантавала. Не паспеў Янка і парог пераступіць – як накінецца на яго:
— Што ты прынёс?!
— Як што? Каменьчыкаў з ручая.
— А хіба ж яны з ручая? Яны ж з зямлі павылазілі! Ідзі і прынясі мне што-небудзь, а то памрэ твая жонка.
Зусім забедаваў Янка. Пайшоў ён і трэці раз да ручая, а куды дзецца – хварэе жонка.
Лёг на беразе, думае. Паскроб за вухам дый кажа сам сабе:”Прывяду я ручай да знахарчынай хаты, хай сама бярэ, што ёй трэба, абы жонка паправілася!”
Знайшоў востры сук, раскалупаў бераг — і пабег ручай напрасткі да знахарчынай хаты. Бяжыць, булькоча, хвалькі на сонцы зіхацяць, рыбкі залатыя скачуць. Прыйшоў Янка ў вёску: ані вёскі, ані знахарчынай хаты, ані самой знахаркі… Сядзіць жонка на купіне жывая-здаровая.
— А дзе ж знахарка? – пытае Янка.
— Усё вада з сабою панесла.
— А ты ж хворая была?
— Аякжаж! Была. Але як пабачыла, што вада шуміць, вада бурліць, зямлю залівае, дык забылася на тую хваробу.
Так і вылечылася  Янкава жонка, а знахарку ручай з сабою панёс: плавае недзе ў акіяне, шукае, што ёй трэба было з таго ручая.
І Янкава жонка больш ніколі не хварэла, дагэтуль жыве.
А ручай і сёння бяжыць, булькоча, чуеш, унучак, як булькоча ручай: не чапай… не чапай… не чапай…


                ДОЙЛІД
Жылі калісьці на зямлі двое сяброў, Памалу і Адразу – такімі рэдкімі імёнамі назвалі іх людзі. А ўсё таму, што Памалу быў памяркоўным, разважлівым і ўдумлівым, пра такіх кажуць: сем разоў адмерае, адзін раз адрэжа. Яго ж сябар Адразу, наадварот, быў хуткім як агонь і не любіў валаводзіцца, яму абы толькі:”Раз і гатова!” А пра такіх гавораць, што ў іх зямля гарыць пад нагамі. Але ведаюць людзі, не ва ўсякай справе спешка патрэбна, бо не дарэмна гавораць: паспяшыш – курэй насмяшыш.
Былі абодва сябры цеслярамі. Сядзелі неяк без работы пад старой яблыняй і адпачывалі.
— От! Зрабіць бы ўсіх людзей шчаслівымі! – натхнёна выпаліў Адразу.
— Э-э-э! Куды ўсіх! Хаця б аднаму чалавеку радасць прынесці і то добра, — разважліва прамовіў Памалу.
— Не! Калі ашчаслівіць, дык толькі ўсіх цалкам! А іначай і пэцкацца не трэба, — запярэчыў Адразу.
— Не-е-е, — задумаўся Памалу. – Чалавека сілком не зробіш шчаслівым. Адразу толькі маланка бліскае, а шчасце павольна нарастае, вось як гэты яблык. Чалавеку падказаць трэба, а дарогу да шчасця ён і сам адшукае…
Удумліва разважаў Памалу, але Адразу пакрыўдзіўся на сябра: надзьмуўся, як мыш на крупы, і маўчыць. А потым раптам ускочыў і пракрычаў:”А давай пабудуем Храм!”
— Храм?
— Так-так! Храм. Хуценька так ухопімся за працу, раз-раз – і гатова! Збудуем, і чалавек, ходзячы ў Храм, пакрыху будзе рабіцца шчаслівым. І нам добра, і людзям...
— Такі Храм нам не збудаваць, — уздыхнуў Памалу.
— Дурны ты! Чаму гэта не збудаваць? Гэта ж будзе не просты Храм, а чароўны.
         — Ага, сказаць лёгка, а зрабіць? Дзе ўзяць матэрыялу? Калі гэта чароўны Храм, то тут  не абыйдзешся звычайным бярвеннем. Сродкі вялікія патрэбны. Мармуру добра было б купіць, бурштыну, чырвонага золата… Чым ты купалы пакрываць думаеш?
— Бяды тае! Усё гэта людзі прынясуць, — упэўнена сказаў Адразу. – Мы ж не для сябе, для іх Храм збіраемся будаваць. Для іхняга ж шчасця!
Тут і Памалу загарэўся паволі марай пра Храм. “А ў сярэдзіне… Паслухай, што будзе ўсярэдзіне…”
Так марылі сябры. І Храм сапраўды выходзіў на дзіва прыгожым. Зойдзе чалавек у такі Храм – аж дух у яго зойме. Пастаіць хвіліну-другую сярод прыгажосці, выйдзе пад неба, гляне на сонейка – і яшчэ мацней яму жыць захочацца… Такі цудоўны Храм марылі збудаваць сябры для людзей.
Сядзелі так два дні і ўсё пра Храм думалі, нават забываліся, што есці патрэбна. А на трэці дзень прыйшоў да іх чалавек наймаць на працу і кажа: “Сенцы зусім разваліліся. Рамонту патрабуюць. Можа падладзіць крыху трэба, а можа і новыя справіць”.
Памалу падумаў і пагадзіўся, а Адразу адмовіўся, чым вельмі здзівіў свайго сябра:
— Хо! Буду я нейкімі сенцамі займацца. Ёсць у мяне занятак: абдумаць, як Храм будаваць! Я мог нікчэмнай работай займацца, калі ў мяне не было мары. Цяпер жа – не магу я апусціцца да задрыпаных сенцаў.
— Ну як сабе хочаш, — сказаў Памалу, заткнуў сякеру за пояс і пайшоў за чалавекам.
         Будуе Памалу сенцы, кладзе бярвенца да бярвенца, а сам таксама пра Храм думае. Рукі робяць, а сэрца марыць. Прыйшоў праз колькі дзён гаспадар паглядзець на працу – і аж рот ад здзіўлення разявіў: на даху сенцаў сядзіць, бытта жывы, высечаны з дрэва пеўнік, здаецца, зараз узмахне крыламі і закукарэкае.
Пашкроб гаспадар за вухам і гаворыць:
— У мяне і грошай не хопіць разлічыцца за такі цуд. Ды і не заказваў я такога дзіва.
— Не хвалюйся. – Усміхаецца Памалу, — пеўніка я зрабіў самаму ў ахвоту, а табе на радасць. А,  можа, і людзям службу саслужыць.
І з таго часу пачалі з’яўляцца ў рабоце Памалу незвычайныя рэчы. То аканіцы зробіць з дзівоснай разьбой, то дзверы вырабіць з квяцістымі ўзорамі, то на шчыце хаты змайструе сонейка і ўсё прыгаворвае: “Гэта я сабе ў ахвоту зрабіў, а табе, гаспадар, на радасць… А можа і людзям службу саслужыць”.
І разляцелася слава пра майстра Памалу па ўсёй зямлі. А яго сябар, Адразу, з таго часу зусім працаваць перастаў, сядзіць сабе ў цянёчку пад старой яблыняй і будуе паветраныя палацы. Ды яшчэ з сябра свайго Памалу насміхаецца: “Гонар свой пляміш. Лазні, дамы ды адрыны будуеш. А людзям Храм патрэбен. Ты свой талент і майстэрства на дробязі разменьваеш. Я да гэтага не апушчуся. Бо я – дойлід!”
Аднаго разу праязджаў па той зямлі баярын Доля. Убачыў незвычайную аздобу на многіх будынках і пытаецца: “А хто ў вас такі майстар?”
— Ёсць у нас цясляр, — адказваюць людзі, — Памалу яго завуць. Вось ён і вырабляе такія рэчы сабе ў ахвоту…
— А ці не мог бы ён збудаваць Храм? – пытаецца Доля.
— Храм?
— Так, Храм.
— Ну гэта трэба ў яго спытацца, ці будзе такое будаўніцтва яму ў ахвоту.
Знайшоў баярын Доля майстра Памалу і расказаў пра Храм, маўляў, ёсць у яго мара: збудаваць Храм, які рабіў бы людзей шчаслівымі…
— Вось майстра шукаю. Мне падказалі, што ты мог бы зрабіць.
— Я? – разгубіўся спачатку Памалу, а потым і гаворыць: — Я, канешне, мог бы. Але не маю часу. Замовілі мне калодзеж выкапаць і журавель зрабіць да яго. Ёсць у мяне сябар, Адразу яго завуць, ён гаворыць, што ён – дойлід і таксама марыць збудаваць Храм. Вы да яго звярніцеся, а я гэтую работу скончу і пагляджу, што да чаго.
Узяўся Памалу за працу, а баярын Доля паехаў шукаць Дойліда Адразу. І знайшоў яго пад старой яблыняй.
— І гаворкі няма. У адзін момант збудую вам Храм. Вязіце матэрыялы: белага і лазоравага мармуру дваццаць шэсць вазоў, сем вазоў палявога шпату, тры вазы бурштыну, каштоўных камянёў і ўсякіх самацветаў адзін воз, паўвоза чырвонага золата на купалы  і яшчэ чаго-небудзь прыгожага. Прывязіце ўсё, што я сказаў, і будзе вам Храм.
І ўсё, што прасіў Адразу для будаўніцтва Храма, прывёз баярын Доля.
Ухапіўся Адразу за працу. Толькі нічога ў яго не выходзіць. За той час, як ён бясплённа марыў, зусім працаваць развучыўся. І так і гэтак спрабуе – не ідзе праца: усё з рук валіцца.
        Тым часам Памалу выкапаў калодзеж, зрабіў над ім прыгожы журавель і прыйшоў паглядзець на работу Адразу. Зірнуў і рукамі развёў. Храм нават не пачаты.  Сядзіць Адразу сярод гурбаў матэрыялу і горка плача.
І стаў Памалу будаваць Храм. А сябру свайму Адразу загадаў быць у яго памагатым. І збудаваў Памалу Храм. І Храм сапраўды атрымаўся чароўным: людзі заходзілі ў яго і радаваліся, бо знаходзілі ўсярэдзіне знаёмыя ўзоры з дзівоснай разьбой, і квяцістыя  арнаменты, і пеўніка з жураўлямі, і яркія сонейкі, якія так падобныя былі да сонейкаў на шчытах іхніх дамоў, што некалі змайстраваў Памалу. Увесь яго вопыт спатрэбіўся пры будаўніцтве Храма.
        Не заўсёды той, хто многа гаворыць і абцае,  сапраўдны майстар у сваёй справе.


             ХАТНІ  ФІЛОСАФ

(Некалькі кароткіх гісторый з жыцця Міколкі)


                А Бога хто на неба паклаў?
      Міколка нядаўна пайшоў у школу, але свой разважлівы розум пачаў выказваць даўно. Гады тры яму было, стаім на лоджыі, на зоркі глядзім, вечаровым паветрам дыхаем на ўсе грудзі, і раптам сын пытаецца:
— Папа, а хто нарадзіў нашу маму?
— Баба Стася.
— А бабу Стасю хто?
— У бабы Стасі была свая мама, яна яе і нарадзіла.
— Ну, а маму бабы Стасі хто? Хто нарадзіў?
— У яе была свая матуля, як і ў кожнага чалавека.
— Ну, а хто быў самы-самы першы? Хто ўсіх нарадзіў?
— Божанька, — адказваю я, намагаючыся прыдаць словам як мага больш вагі: — Ён усіх нарадзіў.
Задумаўся Міколка, зморшчыў лобік і раптам здзівіў пытаннем:
— А Божаньку хто на неба паклаў? – і проста ў вочы заглядвае.
Вось яно пытанне ўсіх філасофій і рэлігій: пра першапрычыну, пра выток усяго існага – пытанне, якое задае сабе чалавек у тры гады. Думае, вырасту і на ўсё абавязкова знайду адказ. Чалавек расце – і пытанне падымаецца вышэй і вышэй… Ды так і застаецца, па сутнасці, без адказу. Можа, таму і сігае душа пасля смерці ў нябёсы, каб паглядзець: і хто ж гэта Божаньку на неба паклаў?

             Пытайцеся
Вельмі любіць Міколка, калі ў яго што-небудзь пытаюцца. Напэўна, тады ён адчувае сябе сталым чалавекам: гэтак разважліва, па-даросламу, сур’ёзна тлумачыць усё. А матывуе гэта тым, што калі ён адказвае на пытанні, то робіцца разумнейшым: “Я задумваюся над чым-небудзь – і мне Божанька падказвае!”
Саджуся насупраць і жартам пачынаю распытваць, але з кожным пытаннем цікавасць узрастае, сам здзіўляюся: адкуль гэта ў дзіцяці? Можа, і праўду сцвярджаюць, што вуснамі немаўляці гаворыць ісціна?
— Як перамагчы злога чалавека?
А ён коратка, з важнецкім выглядам выстрэльвае афарызмам з двух слоў, пад якім мог бы падпісацца любы мысляр: “Бітвай любові!”
— Што самае каштоўнае для Бога ў чалавеку?
— Дзіцятка, — адказвае Міколка: — Дзіцятка можа камандаваць цэлай планетай, толькі ніхто не будзе ведаць пра гэта. Божанька ім не скажа.
Каму гэта “ім”? – напэўна, усім тым, хто развучыўся камандаваць планетамі, гэта значыць: усім дарослым людзям.
— Што такое цярплівасць?
— Гэта калі… — Міколка задумваецца, а выгляд нейкі нетутэйшы:— Калі дзвесце гадоў на адным і тым жа месцы. Стаў і стаіш.
— Думка прыходзіць да чалавека аднекуль ці нараджаецца ў розуме?
— З чалавека, — упэўнена адказвае Міколка, — які чалавек, такія і думкі. Гэта ж проста.
— А дзе душа ў чалавека?
— З левага боку, — паказвае рукою сын, — пад сэрцам.
— А чым душа жывіцца?
— Тым жа чым і цела, толькі нябачнымі такімі мікробамі.
— А чаму ёсць дабро і зло? Будзе калі-небудзь, напрыклад, такое, што на зямлі не стане зла?
— Будзе! — пачуў я ўпэўнены адказ. Праўда, тут жа Міколка папраўляецца: — Калі знойдзецца дзвесце тысяч мільёнаў (у Міколкавым уяўленні гэта самая вялікая лічба) добрых людзей. Дабрыня гэта магутная зброя… У сэрца многа воінаў. Што яшчэ? Пытайцеся, пытайцеся! Што, пытанняў няма?
Вось такі ў нас хатні філосаф Міколка.

                Нямая
Едзем неяк з Міколкам у аўтобусе. Побач сядзяць нямыя і размаўляюць на мігі.
— Чаму яны рукамі махаюць? — пытаецца сын.
— Таму што нямыя, не могуць гаварыць і замест слоў у іх такія жэсты.
Праз некаторы час: “Папа, а ты ведаеш, чаму называецца нямая?” — “Ну і чаму?” — “Таму што яна  НЯ МАЕ сваёй размовы, таму і нямая. Гэта ж так проста, — заключае сын.
      І сапраўды: з гадамі часта людзі растрачваюць дзіцячую непасрэднасць і сапраўднае ўспрыманне свет. Шкада…