Святло Слова

Анатоль Кудласевич
Да Ісціны трэба ісці! Дайсці да ісціны патрэбна, хаця б да той, што з веку ў век жыве па словах, і, склаўшы сэнсам іх, нібы прыступачкі, ісці далей і падымацца да святла.

Слова - ісціна ЖЫВАЯ.
Адчуць пачуцці словаў і слову ў душу заглянуць, нібыта ў вочы любае жанчыны...

Углядвацца ў слова, нібыта ў люстэрка, услухвацца ў Слова, нібыта сусвету сімфонію слухаць, ісці па словах, нібы па лесвіцы Якава ў Неба - і апынуцца аднойчы там, дзе думка, дзеянне і воля спляліся вогненнай стралой, дзе ёсць АДНА ІСЦІНА, якая была калісьці Словам, Плоццю і Хрыстом.

ІСЦІ НА слова - ісціна душы. Дайсці да сутнасці, закладзенай у словах, каб нарэшце ўбачыць і Свой Шлях. І як бы потым словы сам не перасоўваў - а ўсё адно будуецца аснова, дакладней адбудоўваецца сэнсу першапачатковаму, існуючаму ў Слове ад пачатку.

Слова - Ісціна! Слова - Логас! Слова - Бог!
Добра, як няма сумнення ў гэтым. А што калі ўзнікаюць? Калі спакушаемся існасцю Слова і ўсяго, што стаіць за Словам? І так гаворым: "Свят Логас ці не?" СВЯТ ЛОГАС - не? - і думаем яго і паўтараем, пытанне горшае з усіх... Таго не ведаем,не знаем, што слова застаецца непарушным, слухаць трэба, пра што крычыцца да нас сутва: "Свят Логас, не?" - Святло Гасне... І цемрадзь прыступае.

Як толькі ты засумняваўся - адразу менне святла. Як толькі ты ў сябе спытаўся: "Свят Логас, не?" - то тут жа ўжо глыбінным сэнсам крычацца словы да цябе (яны ж Жывыя!), - святло тваё ўжо гасне...

Адумайся, што робіш ты?

У спрадвечнай існасці словаў - гаспадарыць сэнс святла, выблісквае яго соль.
СВЯТЛО ГАСПАДАРЫЦЬ! Калі паверыш гэтаму - то пойдзеш далей, дзе валадарыць Адвечнае.

Святло гаспадарыць - СВЯТ ЛОГАС ПАДАРЫЦЬ... Падарыць табе вечнасць!

Няхай ніколі ў душах не гасне святло Слова!