***

Юлия Храмцова
мой бацька быў  тарэадорам
(гэта ўсім вядома).
яго рухі былі дасканалымі,
яго позірк глядзеў скрозь...

жанчыны паміралi
ля яго ног
(хадзілі чуткі,
што ен амаль бог).
але ен быў
маім бацькам.

зь яго сыпаўся
пясок,
ен клаў свае
ногі
ў шафу,
а вочы -
у паштовую скрыню.
ен сачыў,
як ноч
зьмяняе дзень.

але аднойчы
ен загінуў.
не, яго забіў
не бык,
а чалавек,
які жыў у ім.

тады і я
загінула.
стала часткай таго,
што існуе
па-за сьветам
ды змрокам.

на пагост
прыпаўзлі вужы,
цалавалі глебу,
каб іх языкі
сталі
карэньнем
(хвастамі яны
хісталі зоркі).