***

Леонид Ганчаров
Спяшаецца зноўку вясна,
Грахі і памылкі даруе
І з самага ранку яна
Майструе, фарбуе, чаруе.

Чакалі даўно мы яе,
І вось жаўрукі пратрубілі:
"Вясна вам надзею дае,
Якую зімою згубілі!"

Аловак у тонкай руцэ
Умела кладзе святлацені,
Няспешна плыве па рацэ
Няўрымслівы плыт летуценняў.

Нябачнай лістоты парыў
І птушак вясёлыя гулі...
Тулюся шчакой да кары
Гасціннай бярозы-матулі.

Ці сок, ці сляза пацячэ -
Прысяду на лаўку ў скверы,
Так хочацца сення яшчэ
Адзін раз у шчасце паверыць,

Даць волю пякучым слязам
І скінуць нягод сваіх клунак,
Бо слёзы - чароўны бальзам,
Здранцвелай душы паратунак.

Сціхае гайданне галін,
Ні сцен, ні падлогі, ні столі.
Улада гадзін і хвілін
Прыказвае:" Хопіць! Даволі!"

Высока ў бездані цьмы
Агнем прамільгнула камета.
Спіць сквер, засынаюць дамы...
Дабранач, бабулька Планета!