Лоскае паданне

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Калісьці за сценамі Лоскага замка
 Жыла прыгажуня-дзяўчына –
 З касой залатой, з мілатою сялянкі,
 З чароўнай усмешкай гасціннай.

 Раз неяк у замак прыехалі госці.
 Між іх быў юнак яснавокі.
 Ён панначку ўразіў сваёй прыгажосцю,
 Прываблівым голасам, крокам.

 Хлапец закахаўся і не адыходзіў
 Ад дзеўчыны, хмельнай ад страсці.
 Здаецца, нішто не магло перашкодзіць
 Каханню й далейшаму шчасцю.

 Быў дзень іх вяселля абвешчаны рэхам.
 Ды раптам вайна пачалася…
 Жаніх, адшукаўшы свой меч і даспехі,
Знікае – і  сонейка гасне…

 А век быў ліхі. Зацягнуліся бойкі
 Ажно на семнаццаць гадочкаў.
 Хлапчына вадзіў ужо цэлае войска
 І марыў аб шчасным куточку –

 Аб тым, дзе пакінуў сваю прыгажуню.
 А панначка верна чакала
 Семнаццаць гадкоў… не такой ужо юнай…
 Таго, аднаго, што абрала…

 І вось – перамогу адзначылі трубы.
 Дамоў паляцеў храбры воін:
 Хутчэй да яе – да жаданай, да любай –
 У белую вежу, ў пакоі!

 Ён дзверы крануў – і замёр, бы карціна:
 Насустрач яму паляцела
 Сівая з касою даўгою  жанчына –
 Чужая, з усмешкай здранцвелай.

 Падбегла, схілілася ў нізкім паклоне
 І ўзнесла дзівосныя словы –
 У крыку, у шэпце, у плачы, у стогне
 Вачыма, і ўсмешкай, і мовай:

 “Заходзь! Гэта ж я – твая, любы, нявеста!
 Вярнуўся, нарэшце, мой сокал!”
 А ён скамянеў, стала сэрцайку цесна –
 І – паўза – ні гуку, ні кроку…

 А панначка сціхла і раптам бязгучна
 Падбегла, акно расчыніла…
 І рынула ўніз… сваёй смерці насустрач…
 Яе не пазнаў любы-мілы!!!

 Ледзь толькі ачуўся збянтэжаны воін,
 Каменнем па лесвіцы цёмнай
 Зляцеў… дый укленчыў ля цела з тугою –
 Гаротны, амаль непрытомны.

 І раптам убачыў: старая жанчына –
 Нявеста яго маладая!
 Вось толькі каса, што звілася на шыі,
 Бялюткая, не залатая…

6.10.2011