Вясновы перапалох

Светлана Рыжкова 3
Плача Зіма ўжо тыдзень, няйначай.
Усіх вінаваціць у сваіх няўдачах,
Кроплі дажджу ў ручаінкі збірае,
Ды капяжом, як на дудачцы, грае.

Плача Зіма па мінулых завеях,
Голай зямлёю на сонейку млее,
Будзіць ад сну амярцвелыя лозы…
Дзе ж вы прапалі,снягі ды марозы?

Плача Зіма аб нязбыўным спатканні,
Ветрам паўночным прызначаным уранні.
Усё пераблытала з тога адчаю:
Усё ёй нялюба, усё дакучае.

Плача Зіма ўжо тыдзень, няйначай:
Хто ёй за плённую працу аддзячыць?
Сонейка? Ветрык? А, можа, Завеі?
Досыць, зіма! Хай Вясна прыгажэе.