Мне не патрэбны твае ахвяры...

Бондарь Ольга Викторовна
Мне не патрэбны твае ахвяры,
навошта, мiлы, мне гэты цуд?
Пакуль у душы зiхацiць лiхтарык,
я не цураюся тых пакут,

што апускаюць да долу плечы,
што цягнуць у багну жыццевых хваль.
Мой мiлы хлопчык, прабач, дарэчы,
маю дурноту - кахаць. На жаль

цябе не вабiць каханне гэта,
а мне не трэба тваё "прабач".
Мне хопiць толькi таго паветра,
што можна побач з табой глытаць.

Мне хопiць толькi адной усмешкi,
мне дастаткова, што ты - жывы...
мне дастаткова, што нашы сцежкi
хоць зрэдку сходзяцца ўздоўж мяжы.

Дазволь мне толькi хвiлiну - побач,
затым гадзiну - глядзець услед...
Мне не патрэбны ахвяры... моўчкi,
я згодна моўчкi кахаць цябе.