***

Елена Матвиенко Кобзева
* * *

З Пастаў да Гомеля няблізка,
І з указальнікаў-слупкоў
Збіраецца дарогай нізка,
Нібыта новы верш з радкоў.

Пакінулі мы край Дубоўкі,
На Вязынку ляжыць наш шлях.
Ды задуменная сяброўка
Сказала з сумам у вачах:

“Прашу я ў Мядзелі спыніцца.
Хачу праведаць землякоў,
Сваей радзіме пакланіцца
І памяці маіх бацькоў”.

Ці ж мы маглі праехаць міма?
Не трэба тут ніякіх слоў.
З маленькай кожнае радзімы
Расце сусветная любоў.

З зямлі бацькоўскай. Ад калыскі
І да апошняе мяжы.
З Пастаў да Гомеля няблізка.
Дарога шэрая бяжыць.

І ўсе маўчым мы вінавата.
І кожны згадвае найперш
Свой двор, дзе апусцела хата.
А на лісток кладзецца верш.