Павiншую па фэн-шую...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Дарагія грамадзяне!
 Спадары! Паны і пані!
 Можна, я вас па фэн-шую
 З Новым годам павіншую?

 Намалюю вам багата –
 Замкі – казка, а не хаты:
 Вежы, лесвіцы, балконы,
 Дзверы з дубу, дах чырвоны.

 А над комінам – дымочак
 Забаўлянкаю для вочак –
 Уздымаецца ад печкі
 І звіваецца ў калечкі.

 На двары ж – снягоў пярыны,
 Лаўкі ватныя ля тыну,
 Снегавік з маркоўным носам
 Пад ялінай-хмарачосам.

 І на коўзанцы ля ганку
 На каньках альбо на санках –
 Целы: твары, ногі, рукі –
 Ваша шчасце – дзеці, ўнукі.

 А ў жытле – аладка сонца,
 Што ўсміхаецца ў аконцы,
 І набытага куфэрак,
 І прысмакі на вячэру.

 І галоўнае – каханне,
 Што ніколі не падмане,
 А з пяшчотай – вочы ў вочы –
 Каратае дні і ночы.

28.12.2012