На свидание с прошлым

Валентина Дробышевская
Я чакаю цябе! Вось іду на спатканне…
На спатканне з мінулым. Гляджу на шляхі...
Прыцярушвае снег мітуслівае ранне,
Манатонна стракочуць-пяюць цягнікі.

Хваляванне ў імклівых слядах пакідаю
І аб'явы дыспетчара сэрцам лаўлю...
Я каханне чакаю! Каханне чакаю!
Трапяткое, ласкавае слова – люблю!

…Прыпыніўся цягнік ці перон пад нагамі?!
Вырываецца палкае сэрца з грудзей!
Я знаёмую постаць шукаю вачамі
Сярод  сотні лунаючых  ценяў-людзей...

Вось і ён! Гэта ж трэба, амаль не змяніўся,
Хоць ужо праляцела пятнаццаць гадоў...
Позірк пільнага сэрца майго прыпыніўся
На вачах... Там кахання зусім не было!

Пакідаю вакзал, лёсу выпрабаванне,
І крычу смс-каю да хрыпаты:
– Я чакала цябе! Я прыйшла на спатканне!
Толькі гэта не ты! Толькі гэта – не ты.