Крытыкам прысвячаецца...

Демьянова Татьяна Дмитриевна
Мае вершыкі ў жаху ад крытыкі,
 што, бы дзяцел, іх шчыра дзяўбе, –
 знерухомелі, як паралітыкі,
 і замкнуліся самі ў сабе.

 І схавалі нутро пад шкарлупкамі
 прафесійна раздзёўбаных слоў –
 так, што я аніяк не датумкаю,
 чым на волю іх выманіць зноў.

 Пасыпаю абапал іх семачкі,
 падбаўляю пшанічку й авёс.
 Ды ніякі, нат самы маленечкі,
 на святло не высоўвае нос.

 Я пястую іх сонцам, і дожджыкам,
 і вятрыскам ласкавым – ледзь-ледзь.
 А яны – бы калючыя вожыкі –
 не жадаюць мне ў вочы глядзець.

 Пагражаюць бадлівымі рожкамі
 і ўпікаюць мяне тэт-а-тэт:
 для чаго я такімі нябожкамі
 нарадзіла іх, бедных, на свет?

14.03.2013