Сышлi у нябыт

Чабарок
Сышлі ў нябыт мае дзяды
І спахмурнелі вёсны.
У маленькай вёсцы Дземіды
Спяць на гарышчах кросны,

І разламаны калаўрот,
З парванай ніткай лёну,
Свой супыніў колаварот
І не ссукуе плённа.

Пазарасталі бадыллём
Былыя сенажаці,
Не йдзе ўжо маці дзень за днем
У поле жыта жаці.

Галосна песень не пяе
З дзяўчатамі на возе,
Хацінку дзедаву яе
Прасуе ўжо бульдозер.