Шукаю Вясну!

Светлана Рыжкова 3
Шукаю Вясну, гукаю…
Няма і няма — прапала!
У Сонейка я пытаю:
— Чаму ты красуеш мала?

А Сонца хавае вочы:
— На небе пануе Вецер!
Вандруе ён днём і ноччу
і ведае ўсё на свеце.

Цікаўлюся ў Ветра:
— Пане!
Дзе наша Вясна, паведай.
— Мароз яе кожным раннем
ухутвае белым снегам…

Звяртаюся да Мароза:
— Навошта Вясну хаваеш?
А ён ушчувае грозна:
— Ты кепска, відаць, гукаеш!

Гукаю, ды не зважаю:
вакол ручаінкі льюцца,
на яблыні шпак спявае,
сцяблінкі ўгору мкнуцца.

Пупышкі вярба прыбрала:
аб лецейку цеплым марыць…
Навошта Вясну шукала?
Яна ўжо даўно ўладарыць!