Вясковы верасень

Юрась Пивунов
...У вёсцы ціха. Імжыць-церушыць верасьнёўскі дождж. Нехта, нягледзячы на слоту, яшчэ шчыруе-капае бульбу...

Куры, нарэшце, атрымалі волю – дапушчаны пасьвіцца ў гародзе, бо шмат што ўжо ўбрана, а гарбузоў ім не скляваць.

Ападаюць апошнія яблыкі – пякаюць сьпелкі долу – усё навакольле поўніцца ну проста нясьцерпным, сакавітым, што выклікае неадольную прагу пакаштаваць, яблычным водарам.

Ужо блізка час, калі дарэшты апусьцеюць лугі, палеткі і гароды, і паўсюдна запануе прыгажуня-восень залатая. Запалымнеюць чырваньню лістоты ўзьлескі, і лес будзе поўніцца пахам сырое ігліцы і восеньскіх грыбоў...

А пакуль мыюцца каля хатаў пад дожджыкам пузатыя паны-гарбузы, яшчэ сядзіць у градах, дасьпявае морква...Восень толькі ўбіраецца ў сілу.

Дождж, дождж...І мякнуць на дахах хлеўчукоў сьпелыя, ажно ружовыя, агуркі-насеньнікі. Восень...

Ю.Півуноў