Хмары-аблачыны

Юрась Пивунов
...Здалёк паплылі хмаркі-аблачынкі, па вершалінах дрэў пранёсься вецер-сполах...
І вось вялізная, фіялетава-шэрая хмара-пачвара наплывае на вёску.

Уздымаецца вецер-паземнік і долу ляцяць першыя буйныя кроплі-дажджынкі.
Яшчэ раз грозна ўздыхае хмарына і ўжо, здаецца, уся прастора,
увесь сьвет апанаваны дажджавою навалай...

Лье моцны дождж, а адзін пеўнік-падлетак ходзіць па двары –
хоць бы што яму.
Можа, гэтаксама, як і я – любіць дождж?

Памятаю ў дзяцінстве: як пачынаецца дождж, дык я выходжу з дому
і – альбо блукаю пад дожджыкам па лужынах,
альбо, схаваўшыся дзе-небудзь пад страхою,
дыхаю чысьцюткім, вільготным паветрам,
што поўніцца пахамі зямлі і ўсяго зямнога...

Пасьвятлела, дождж паменшаў і паступова сьціх зусім,
пакінуўшы азёры-лужынкі ды на галінках дрэў –
празрыстыя кроплі-сьлязінкі.

...Невялічкі прасьвет і ... новая хмара,
і моцны, зноў як зь вядра, дождж. Раздажджылася...
Аблачыны-хмары шпарка плывуць чарадою на захад.
Дзесьці ў нетрах нябёсаў грукоча-імчыць Перунова калясьніца –
палымнеюць час ад часу прывідным бляскам маланкі...

На бярвеньні ўладкаваліся жоўтыя гарбузы-пузацікі.
Паклала іх маці дасьпяваць, а тут дождж...
Ну і няхай памыюцца.

На падворку сьветла больш-менш, а вось на лузе, за рэчкай,
суцэльная шэрая дажджавая заслона.

Плача восень дажджом верасьнёўскім
на хаўтурах па леце мінулым...


Ю.Півуноў