Хвiлiны пяшчоты

Леонид Пранчак
ХВІЛІНЫ ПЯШЧОТЫ

Дарога праз поле губляецца ў лесе
І вабіць мяне ў прахалоду густую.
Бадзяюся я па расхрыстаным свеце,
Шукаю жанчыну, як мрою, такую.

Канчаецца лета на схіле спякоты.
Прывык да цяпла, да высокага неба.
Кахання без межаў, шчымлівай пяшчоты –
Усё, што хачу я,
Усё, што мне трэба!

У шэпаце клёнаў таемнасць змяркання,
У водары кветак загадкавасць ночы,
У шчырай усмешцы душы трапятанне…
І гэта надоўга, як зведаў аднойчы.

Дарога праз поле…
Дай, Божа, спаткацца.
Самому сустрэць ці, сустрэўшы, спыніцца.
Хапіла хвіліны мне, каб закахацца.
Не хопіць жыцця, каб пра гэта забыцца.

24 жніўня 2002
24 красавіка 2013