Неспатольная прага спакою

Юрась Пивунов
...Лістападаўскі вечар. За вакном шамаціць халодны восеньскі дождж.
Раз-пораз па дарозе каля дому праносяцца,
распырскваючы лужыны на мноства фантанчыкаў, машыны.

У цьмяным сьвятле ліхтароў-маякоў блішчаць пакручастыя, аголеныя
(і ад гэтага нейкія пачварныя) мокрыя галіны дрэваў.
Роўны пошум дажджу навявае спакой. Ціха.

Ня верыцца нават, што недзе побач шуміць-віруе й цяжка дыхае небарака-горад.
Там – заўсёды сьпяшаюцца некуды людзі й машыны,
там – мора агнёў, сьвятла, гукаў...

Тут жа – толькі ціхі шолах дажджу за вакном.

Ніяк не здаволіцца цішынёй.
Гэта, пэўна, хранічная «хвароба» многіх гараджанаў.
Вяскоўцам гэтага не зразумець.
Яны стала жывуць у спакойнай атмасьферы зацятага сялянскага побыту –
і для іх гэта звыклы стан.

У вёсцы, асабліва летнім позьнім вечарам ці ноччу,
стаіць гэткая ціша, што чутна, як шуміць рэчка на перакатах,
як стукае ўдалечыні, бегучы па рэйках у вялікія, тлумныя гарады, цягнік.

Усё думаю, як назваць гэтую неспатольную прагу цішыні, спакою?
Магчыма, настальгіяй па вечнасьці?..


Ю.Півуноў