Адпушчэнне грахоу

Леонид Пранчак
АДПУШЧЭННЕ ГРАХОЎ

Далёка ад сталіцы
У ягаднай глушы
Празрыстыя крыніцы,
Пахілыя крыжы.

Світаннем незамглёным
З глыбокай даўніны
Трэзвонам задумённым
Пяюць-гудуць званы.

Узносіцца высока
Царква па-над ракой.
Людское цешыць вока
Адметнасцю сваёй.

А колькі год дагэтуль
Яе цагляны гмах,
Сыры, неабагрэты,
Крышыўся на вачах.

Міналі зімы-вёсны,
А Храм гібеў і стыў.
Ніхто рамонт няпросты
Паўвеку не рабіў.

Тынкоўка абляцела,
Пабелкі тонкі слой
Падпраўлены няўмела
Старэчаю рукой.

Святар тут службу правіў.
Як мог, так і служыў.
Малітвай Бога славіў,
І дзеля Бога жыў.

Прыход быў невялікі.
І сам не меў ён сіл.
Аднойчы для прыліку
Ён Бога папрасіў:

Прашу не дзеля славы,
Усё, што ёсць, аддам.
Ратуй нас, Божа правы,
І наш пакутны храм.

Пайшлі такога майстра,
Каб справу добра знаў,
Каб здзейснілася мара,
І сонцам Храм заззяў.

Бяды не маю горшай,
Пашаны удастой:
Каб майстар ды харошы,
Ды з добраю душой.

Тут справіцца не кожны,
Не саўладаю сам.
... Праз дзень прыйшоў бязбожнік
І п’яніца Адам.

Меў залатыя рукі,
Цвярозы быў калі.
Далёкі ад навукі
І блізкі да зямлі.

Госць у царкве ён рэдкі,
Прад святаром паўстаў.
Напэўна, чынам гэткім
Яго сам Бог паслаў.

Святар Адама ведаў,
Не раз памог яму
Нясці грахоў і бедаў
Гаротную суму.


Ён прывітаў Адама
І не знаходзіў слоў.
Адам прамовіў прама:
У зАрабкі прыйшоў.

Ды каб паспавядацца
І прычасціцца тут,
Больш не хачу вяртацца
Да болю і пакут.

У чым ён спавядаўся
Чуў Бог і ў голлі птах.
Напэўна, прызнаваўся
Ва ўсіх сваіх грахах.

Каб замаліць правіны,
Пакуль яшчэ жывы,
Прасіў за грэх свой вінны,
Зрабіць рамонт царквы.
 
Прасіў благаславення,
Насуплена маўчаў...
І шчыра, без сумнення
Святар дазвол свой даў.

І закіпела праца
Без спеху, пакрысе
Па-над царкоўным пляцам
На трэснутай страсе.

Як след пафарбаваны,
Аж хораша вачам,
Мяняўся мур цагляны,
Мяняўся сам Адам.

Святой вады напіўся,
Паверыў у Хрыста.
Малітвам навучыўся
Пачаў жыццё з ліста.

Уставіў вокны, дзверы,
Усталяваў крыжы.
Пазнаўшы радасць веры,
Бы з небыцця ажыў.

Заззялі шчасцем вочы,
Бы тайну ён пазнаў.
Днём працаваў, а ўночы
Калёры падбіраў.

Кіпела праца. Стома
Не брала дзень пры дні.
Лез па драбінах строма,
А страху – ані-ні.

Вісеў, нібы распяты,
Зусім забыў пра хмель.
Чумазы і мурзаты
Вясковы Рафаэль.

Зрабіў усё, як трэба.
Заззялі купалы
На сінім фоне неба –
Вялікі і малы.

Іх свет далёка ліўся
Праз цемру шэрых хмар.
І радасцю свяціўся
Яго зарослы твар.

Стаяў Адам на ганку
На ўзгорку за царквой
І ззяла  сонца зранку,
Як німб над галавой.

І ажыла святыня
І малітоўны спеў
У неабсяжнай сіні
Да воблакаў ляцеў.

Узнеслася да неба
Над грэшнай мітуснёй.
Яна жывых патрэба
І мёртвых супакой.

Глядзеў святар набожна
Як купалы гараць:
Ну, вось, нарэшце можна
Спакойна паміраць.


30 красавіка 2013