Пiрагi

Леонид Пранчак
ПІРАГІ

Сонца
Хату асвяціла.
Грэй вясновае,
Свяці!
Мама
Цеста замясіла
І паставіла расці.

Падрасло
На печы цеста:
Удадуцца кулічы!
Цесту ў дзежцы
Стала цесна:
Наравіцца уцячы!

Ды ў апошні самы
Момант.
Мама мігам
Тут як тут.
Пад дзіцячы смех
І гоман
Творыць тайну,
Творыць цуд.

Цеста ў бляхі
Раскладае.
Гэй, расчына,
Не пярэч!
Без замінкі
Адпраўляе
Цеста ў бляхі.
Бляхі ў печ.

Печ
Спякотай палыхае.
Печ звініць,
Нібыта звон.
Запякаецца скарынка,
Асвятляючы чарон.

Заўтра
Свята ў хату прыйдзе.
Колькі
Ночанькі тае?!
Будзе радасным
Вялікдзень
З кулічамі на стале.

Пахне ранак
Пірагамі.
Кліча свята
На парог.
Дзякуй сонцу,
Дзякуй маме,
Дзякуй печы
За пірог!