Застанься

Махнач Сергей Юрьевсын
Застанься. Ноч у чэрвені плыве
Да досвітку сляпым, кароткім шляхам.
Давай прысядзем моўчкі на траве,
Што прарасла пад неба зорным дахам.

Тваіх вачэй блакітных вадаём
Хвалююча нагадвае пра мэту:
Пачуць твой смех, што льецца ручаём,
Ім захапіцца, нібы цудам свету.

Дазволь крануць мне хвалі валасоў,
Адчуць іх водар – мяты і палыну!
Шукаў цябе з няўрымслівых часоў –
І вось сустрэў каля старога млына.

Там, дзе каханне дыхае скрозь час,
Дзе праз лістоту ліпы бачны месяц –
Там сябра-чэрвень павянчае нас
Не на адно жыццё – на цэлых дзесяць.
23.06.2013

Застанься. Ноч у чэрвені плыве
Да досвітку сляпым, кароткім шляхам.
Давай прысядзем моўчкі на траве,
Што прарасла пад неба зорным дахам.

Тваіх вачэй бяздонны вадаём
Ускалыхнуў жаданне, мару, мэту:
Пачуць, як смех ліецца ручаём,
Твой смех –  адно з вядомых цудаў свету.

Дазволь крануць мне хвалі валасоў,
Адчуць іх водар – мяты і палыну!
Шукаў цябе з няўрымслівых часоў –
І вось сустрэў каля старога млына.

Там, дзе каханне дыхае скрозь час,
Дзе праз лістоту ліпы бачны месяц,
Там сябра-чэрвень павянчае нас
Не на адно жыццё – на цэлых дзесяць.
23.06.2023