Чараваць цябе, чараваць!

Валентина Дробышевская
    Ты пакліч мяне. Пазаві...
                Я.Янішчыц

Чараваць цябе, чараваць
Кожным словам і кожным позіркам!
Называць цябе, называць
Салавейкам і Ясным Сонейкам!

Цалаваць цябе, цалаваць -
Пацалункі ляцяць, як буслікі!
Мілаваць цябе, мілаваць,
Мой няўрымслівы, мой спакуслівы!

Танцаваць з табой, танцаваць
Пад пяшчотную песню вечнасці!
Не аддаць цябе, не аддаць
Небяспечнасці, недарэчнасці!

Напаўняць цябе, напаўняць
Чысцінёю - вадой крынічнаю!
Удыхаць цябе, удыхаць
Асалодаю таямнічаю!