Падарунак

Надежда Петручук Филон
Вечар… Звычайны снежаньскі вечар, якіх кожны год бывае трыццаць адзін, не больш і не менш. І ўсе яны вылучаюцца сваёй асаблівасцю, непаўторнасцю, незвычайнасцю. Кожны з іх нясе з сабой таямніцу, новую старонку вечнасці, якая занатоўваецца штодзённымі чалавечымі справамі, словамі, думкамі, адразу на чыставую. Нельга адгарнуць старонку і выправіць памылкі. Можна толькі на наступнай паспрабаваць змяніць нахіл літар, ці быць уважлівей, каб потым не шкадаваць аб напісаным.
У гэты вечар было як ніколі цудоўнае надвор’е. Бялюткія сняжынкі ласкава абдымаліся з паветрам. Здавалася, что яны кружацца пад нячутную чалавеку музыку. Так і сапраўды было. Празрыстыя крышталікі апускаліся на зямлю пад сімфонію нябёсаў, а таксама шчаслівых усмешак і шчырых чалавечых пачуццяў.
Напэўна, самае шматлюднае месца ў горадзе  – гэта чыгуначны вакзал. Тысячы чалавек прыязджаюць і ад’язджаюць з розных кропак нашай планеты. Гэта і свае, і іншаземцы. Адны вяртаюцца ў родны горад на святы, другія збіраюцца наведаць сваякоў, каханых ці проста знаёмых. Ёсць і такія, хто едзе проста вандраваць, не ведаючы куды, без мэты, з думкамі, што там на сэрцы стане светла і ўтульна, што нарэшце знойдзе доўгачаканае шчасце. Толькі ці знойдзе? Бо чалавек куды б ён ні паехаў, заўсёды абавязкова бярэ з сабою сябе, свае думкі і пачуцці, якія, часам, і ўдзень, і уначы не даюць спакою, трывожаць : “Навошта я так зрабіў? Навошта?”. Але вярнуць ужо нічога немагчыма. Можна толькі зрабіць інакш, і толькі так супакоіць сумленне. Ад сябе нікуды не схаваешся.
Вялізарныя дубовыя дзверы вакзальнага будынку, якія спалучалі свет шумнага горада і мітуслівы бясконцы свет дарогі, бачылі нямала за сваё цяжкае, але параўнальна нядоўгае жыццё. Толькі за гэты вечар іх адчынілі і зачынілі тысячы разоў. Нехта неахайна піхнуў нагою, трымаючы ў руках цяжкія торбы, а нехта асцярожна прытрымаў, дапамагаючы прайсці іншым. Праз іх праходзілі дарослыя і дзеці, бедныя і багатыя, шчаслівыя і з разбітымі сэрцамі, любімыя, і тыя хто любіць, тыя, хто імкнецца кудысьці без мэты і тыя, хто чакае цуда ў гэты сцюдзёны, але прыгожы зімовы перадсвяточны вечар.
Да апошніх адносіўся малады чалавек, які пад біццё гарадскога гадзінніка ўпэўнена адчыніў дверы. Ён прапусціў перад сабой сталую, але яшчэ прыгожую жанчыну з вялікай валізай і маленькай дзяўчынкай. Малая моцна трымалася за руку бабулі, баючыся згубіцца сярод такога мноства незнаёмых людзей. Максім Ілімскі адразу накіраваўся на перон, дзе было ўжо некалькі чалавек.
Учора размаўляў з бацькамі, якія жадалі, каб сын прыехаў, але што зробіш, калі не атрымліваецца. Таму і перадалі праз правадніка цягніка падарунак. У Максіма зараз на працы было шмат заказаў, якія трэба тэрмінова выканаць, бо людзі чакалі. Ён паабяцаў, што прыедзе пасля святаў, калі больш менш будзе вольны і зможа ўзяць адпачынак. Ды і не жадаў псаваць сабе пачуццё адзіноты ў кароткія зімовыя дні. Ужо тры гады ён сустракаў свята Божага Нараджэння адзін на адзін з сабой. Не цікавілі яго ні шумныя вечарыны з сябрамі, ні, нават гутаркі ў бацькоўскім доме.
Тры гады… Як хутка ляціць час! Здавалася, што гэта толькі доўгі і жудасны сон. Вось зараз зноў пачуюцца лёгкія крокі і срэбны голас пакліча да стала. А ён падыдзе, абдыме каханую, моцна прытуліць да сабе, ласкава ўсміхнецца, пагладзіць яе ўжо заўважна пакруглеўшы стан. Хутка іх павінна была стаць трое. Заставалася пачакаць яшчэ некалькі месяцаў і Максім бы ўзяў на рукі іх маленькую дзяўчынку, іх чаканае дзіцятка.
Але адно імгненне перакрэсліла ўсё жыццё. У памяці зноў усплыла тая раніца, калі яны маладыя, шчаслівыя, закаханыя ішлі па вуліцы. Максім на працу, Наталька – у госці да сяброўкі. Узяўшыся за рукі, яны былі больш падобны на дзяцей, чым на тых, хто хутка стане бацькамі. Снег у той дзень павольна кружыўся ў паветры і, апускаючыся на зямлю, пакрываў бруд шумнага горада. Падышоўшы да скрыжавання, дзе разыходзіліся іх шляхі, Максім пацалаваў жонку. Унутры яго нешта перавярнулася, калі Наталька прытулілася да яго. Каханая падалася яму такой маленькай і безабароннай.
-- Беражы сябе, родная! – нечакана вырвалася ў яго і ўжо спакайней дабавіў. – Беражы вас Бог!
Шчаслівая маладая жанчына ў адказ працягнула яму маленькую паштовачку ў выглядзе сэрца, дзе яе роўным прыгожым почыркам было напісна ўсяго некалькі слоў: «Кахаю цябе!» І падарыўшы мужу шчырую ўсмешку, прашаптала: «Памятай, я заўсёды буду любіць цябе. Нават, калі нешта здарыцца. Заўсёды.»
Максім пайшоў на прыпынак, але праз некалькі крокаў азірнуўся. Наталька стаяла на тым самым месцы і глядзела яму ўслед. Заўважыўшы погляд любімых вачэй, ён адправіў паветраны пацалунак, на які праз імгненне атрымаў адказ у выглядзе ўсмешкі. Гэта было найлепшым сведчаннем таго, што пачуццё дастаўлена па адрасу.
Працоўны дзень прайшоў хутка. І не толькі таму, што быў скарочаны ў напярэдадні свята, а яшчэ і таму, што светлыя думкі цешылі сэрца Максіма. Па дарозе дадому хлопец думаў аб тым вечары, які яны правядуць побач з каханай. Ён набыў у краме яе любімыя белыя ружы і ўжо загадзя радаваўся. Сёння гадавіна іх шлюбу. Такім цудоўным быў той дзень, калі яны абвянчаліся ў царкве. Як і сёння падаў снег. А якой прыгажуняй была Наталька! Бялюткая вясельная сукенка, апранутая на гонкі дзявочы стан, белыя ружы… Як гэта пасавала да прыроднай чысціні! Напоўнены ўспамінамі ён у той вечар адчыняў дзверы утульнай трохпакаёўкі. Запаліў святло ў калідоры і здзівіўся, што так ціха і цёмна.
-- Добры вечар, каханая! – звонка прагучаў яго голас і адбіўся аб пустыя сцены. Можа, жонка стамілася і легла адпачыць? Максім абыйшоў усю кватэру і ўпэўніўся, што жонкі ў хаце няма. Напэўна, затрымалася ў сяброўкі. Няхай паразмаўляюць. Не буду тэлефанаваць, каб не перашкаджаць. Я ж сёння з працы вярнуўся на тры гадзіны раней, чым звычайна. З такімі думкамі Максім вырашыў зрабіць сам вячэру. Прыгатаваў ежу, накрыў стол, паставіў ружы у вазу, каля талерак запаліў яе любімыя свечкі. Кухня выглядала па-святочнаму і вельмі рамантычна. Але дзе Наталька? Душу сціснула нейкае нядобрае прадчуванне. Максім пацягнуўся да тэлефона, які ў гэты момант зазваніў. Сэрца забілася больш неспакойна і ўзрушана: нумар невядомы.
-- Максім Віктаравіч? – пачуў ён незнаёмы мужчынскі голас, які не чакаючы адказу працягваў. – Вы з’яўляецеся мужам Ілімскай Наталлі Антонаўны? Вашу жонку з паўгадзіны таму збіла машына. На жаль, дактары канстатавалі імгненную смерць. Вы можаце пад’ехаць?
Так, – адказаў Максім прыглушаным, быццам не сваім голасам. – Куды? І, атрымаўшы каардынаты, паклаў тэлефон на паліцу. Але потым зноў схапіў і набраў нумар Наталькі. Не, гэта немагчыма. Гэта памылка. Зараз яна сама ўсё расскажа. Але адказу не было… Усё роўна гэта немагчыма! Вось ён з’ездзіць, высветліць абставіны і ўсё стане на сваі месцы.
Але гэта была не памылка. Гэта была праўда. Як у паўсне прайшлі тыя дні. Максім прыехаў, пачуў падрабязную гісторыю аб трагічным здарэнні, патэлефанаваў бацькам, забраў ужо назаўсёды застылае і нерухомае цела жонкі. Якая яна была прыгожая ў дзень пахавання! У бялюткай вясельнай сукенцы, з белымі ружамі ў руках і шчаслівай усмешкай на вуснах Наталька была падобна на спячую. Здавалася, прачнецца зараз. Але замест ложка – труна, абвітая белай бліскучай тканінай. І не ўстане яна, не паднімецца, не скажа: «Люблю»… За тыя дні ніводнай слязы не ўпала з яго вачэй. Не мог паверыць, што тое скрыжаванне развяло іх шляхі назаўсёды.
Пахаваўшы жонку, Ілімскі праз колькі дзён выйшаў на працу. На першы погляд, нічога не здарылася. Але больш не было чутна срэбнага голасу і лёгкіх крокаў у стаўшай такой непамерна вялікай трохпакаёвай кватэры, у якой пасяліліся адзінота і сум…
Максім устрапянуўся і нібы скінуў з сябе цяжкія думкі. Гэта было. Было. Было тры гады таму… А зараз трэба жыць. Жыць? Наталька была для яго ўсім у жыцці, яго сэнсам. З яе смерццю ён страціў веру у сябе, веру ў жыццё, веру ў Бога. І сёння, ўпершыню за гэты час, Максім абдумаў сваё бяссэнсоўнае жыццё, убачыў яго недарэчнасць. А ці была б задаволена каханая, што ён так сябе паводзіць? Што перастаў цікавіцца наваколлем, што стаў іншым, абыякавым да ўсяго і да ўсіх? Ён успомніў апошнія словы жонкі:“Памятай, я заўсёды буду любіць цябе. Нават, калі нешта здарыцца. Заўсёды.” Нібы засланка ўпала з вачэй. Ён жа не вінаваты, што так атрымалася. А значыць, з гэтага моманту трэба жыць па-іншаму, зноў чакаць, любіць, верыць у цуды. Ілімскі паглядзеў на гадзіннік. Да прыхода цягніка заставалася яшчэ некалькі гадзін, але ён яшчэ хацеў заехаць на могілкі. Памаладзеўшы гадоў на дзесяць, бы юнак, хутка апрануўся і ўжо праз колькі часу быў там. Гэта ўжо стала традыцыяй -- праводзіць вечар перад Днём Божага Нараджэння з каханай. Але сёння ў Максіма быў іншы настрой. Ён ціха падышоў да прыгожага помніка, што ўяўляў сабой маладую жанчыну з дзіцём на руках. Крыху пастаяў моўчкі. Потым паставіў у вазу белыя ружы: «Віншую цябе, каханая!». Расчысціў снег. У задуменні прысеў на лаўку. Цікава, як бы зараз выглядала іх малая, якой было б крыху менш за тры гады? Як бы ўсё ж такі яе звалі? Напэўна, Верачка. Бо яны верылі, што ўсё будзе добра. Можа, слаба верылі… А можа? Не, як ёсць, так павінна было быць. Бог ніколі не робіць памылак. Ніколі. Нават, калі чалавек не разумее нечага адразу, час усё расставіць на свае месцы.
Максім яшчэ крыху пастаяў і пайшоў да машыны. Сеў за руль і паехаў на вакзал. Трэба было забраць падарунак ад бацькоў. І вось ён на вакзале. Стаіць у задуменні, пракручвае ў галаве сённяшні дзень. Прыгожы, інтэлігентны, апрануты ў касцюм, паверх якога добра ляжала чорная скураная куртка. З-пад яе быў бачны белы каўнер кашулі і цёмна-сіні гальштук, які добра пасаваў да вачэй. На твары адбівалася чаканне… Нешта рана ён прыйшоў сюды. І таму зараз назіраў, як прыгожа ў святле ліхтара кружацца маленькія белыя зорачкі. Раз-пораз на хлопца кідалі недвухсэнсоўныя позіркі прыгожыя дзяўчыны. Адна, нават, прапанавала пазнаёміцца, на што пачула ветлівую, але цвёрдую адмову. З пакрыўджаным тварыкам пайшла шукаць таго, хто будзе не такі непрыступны.
Неўзабаве пачуўся голас дыспетчара і ўжо праз некалькі хвілін хуткі цягнік прыбыў на трэцюю платформу. Максім пачаў шукаць позіркам сёмы вагон. Вось ён. Побач прыпыніўся. Зручна, што не трэба нікуды ісці. Пачакаўшы, пакуль выйдуць пасажыры, ен падышоў да правадніка. Служачы, ўдакладніўшы імя і прозвішча, аддаў важкую сумку інтэлігентнаму маладому чалавеку. Падзякаваўшы, Ілімскі павольна пайшоў. Сумка прыемна адцягвала руку. Бацькі з такой любоўю складвалі падарунак. Сын ведаў гэта і шкадаваў, што не атрымалася паехаць на святы. Але свой адпачынак, як заўсёды правядзе толькі з бацькамі. З такімі думкамі ён крочыў ўбок падземнага перахода.
Раптам пачуўся дзіцячы радасны крык  «Тата!» і маленькія ручкі абхапілі яго за ногі. Максім ад нечаканасці выпусціў сумку на снег. Гэта памылка. Дзяўчынка проста пераблытала яго са сваім бацькам. Ён прысеў і зазірнуў дзіцяці ў вочы. Малая абняла яго за шыю і моцна прыціснулася: Тата, татачка… Малады чалавек зусім разгубіўся. Азірнуўшыся, ён убачыў маладую жанчыну, якая ледзь не бегла. На твары быў адбітак трывогі.
-- Малады чалавек, даруйце, калі ласка! Даруйце.. Верачка, пойдзем, дачушка, гэта ж не твой тата! – хутка вымавіла незнаёмка і паспрабавала ўзяць дзяўчынку на рукі.
Верачка… Максіма нібы ўнутры нешта абпаліла. Менавіта так яны з Наталькай хацелі назваць сваю дачку… Верачка. Малая яшчэ больш прыціснулася да яго і праз слёзы вымавіла:
-- Мама, давай зноў забярэм тату да сябе? Можна, ён зноў будзе жыць з намі? Можна, мама?
Жанчыне было няёмка. Ілімскі бачыў, што яна разгублена падбірае словы. Але яму шкода было аддаваць гэтае дзяўчо, якое так шчыра яго абдымала, каб зноў не раніць маленькую душу.
- Давайце, можа, пазнаёмімся? – прапанаваў ён і тым самым парушыў цішыню, што вісела ў паветры..
-- Максім. А вас як завуць?
-- Багдана, – ціха вымавіла жанчына.
-- Багдана, – паўтарыў малады чалавек. І дадаў. -- Незвычайнае імя, рэдкае, прыгожае. Дадзеная Богам…
Хлопец прапанаваў прайсці да машыны. За гэты час ён даведаўся, што месяцы чытыры таму муж Багданы трагічна загінуў на працы і яна вырашыла вярнуцца ў горад свайго юнацтва. Тут у яе былі сябры, абяцалі дапамагчы ўладкавацца на працу і знайсці кватэру.
-- Вось так бывае, – нібы падвяла вынік жанчына.
Максім слухаў яе вельмі ўважліва, час ад часу пазіраў на яе прыгожы твар, блакітныя вочы. І чым больш глядзеў, тым больш яму было шкода чалавека з падобным на яго ўласны лёсам. Тут, нечакана для сябе ён вымавіў:
- Слухайце, а паехалі да мяне. Жыву адзін у трохпакаёвай кватэры. Пераначуеце, а заўтра адвязу вас да сяброў. Куды вы на ноч гледзячы з дзіцём паедзеце?
-- Неяк не зручна мне, Максім. Мы ж зусім незнаёмыя…-- адказала Багдана, але адмаўляцца не стала. Малады чалавек унушаў давер. Ды і Верачку шкода было, стамілася малая. – Дзякуй вам.
Даехалі хутка. Максім прыпыніў машыну. Ціха выйшаў і азірнуўся навокал. На вуліцы нібы з белай воўны падаў снег. Ён адчыніў Багдане дзверы і ўзяў Верачку на рукі, дапамог выйсці жанчыне.
-- Праходзьце, калі ласка! – спадар адчыніў дзверы і запаліў святло. -- Адчувайце сябе як дома.
Распрануўшыся, малая ўбегла ў залу і расчаравана выгукнула:
-- А што ёлкі няма? Тата, заўтра ж свята.
Ёлка ўжо тры гады ляжала ў шафе -- не было патрэбы яе даставаць. Але зараз наступіў самы падыходзячы момант і Максім, павагаўшыся з імгненне, адчыніў шафу і паставіў на падлогу скрыню.
-- Вось, Верачка, ёлка. А тут -- цацкі. Дапамажы маці ўпрыгожыць. А я пайду прыгатую вячэру, – з гэтымі словамі ён выйшаў з пакою.
На кухні, крыху сабраўшыся з думкамі, Максім распланаваў што будзе рабіць і ўзяўся за працу. За сценкай чуўся дзіцячы смех і шчэбет. Кватэра зноў напоўнілася жыццём. Тыя, хто знаходзіліся ў пакоі, з кожнай хвілінай станавіліся яму больш блізкімі і роднымі. Недзе праз паўгадзіны кухня была прыбрана па-святочнаму і Ілімскі ціха вайшоў у залу. Дзяўчынка, убачыўшы яго, радасна закрычала: --
-- Тата, паглядзі, мы з матуляй ёлку паставілі! Яна такая прыгожая! – і малая пацягнула Максіма за руку.
«Тата» – гэтае слова кожны раз балючым агнём абпальвала яго сэрца, пакідаючы крывавыя раны. «Тата»… Як растлумачыць дзіцяці, што яна памыляецца? Што сказаць? У глыбіні душы Ілімскі ўжо паспеў палюбіць шчырую маленькую дзяўчынку і не хацеў расставацца ні з ёй ні з яе маці. Але што адказаць? Нібы прачытаўшы яго думкі, на дапамогу прыйшла Багдана:
-- Дачушка, хадзі сюды. Я хачу табе нешта сказаць, – і яна прыцягнула да сябе Веру. – Разумееш, дзядзька Максім не твой тата. Мы проста да яго ў госці прыехалі. А твой тата загінуў, – голас жанчыны ўздрыгануўся як нацягнутая струна і замоўк.
Верачка сур’ёзна паглядзела на маці, потым павярнулася да Максіма і сказала: -- Не мой тата? Мой, мой тата! -- падбегла да мужчыны, абняла маленькімі ручкамі, моцна прытулілася. – Мой тата! Люблю татачку! – і, зазірнуўшы яму ў вочы, нечакана спытала: -- А ты мяне любіш? Максім шчыра абняў Верачку. Вялікая хваля бацькоўскай пяшчоты накацілася на яго. – Люблю, маё маленькае шчасце! – а ў сэрцам прашаптаў. – Мая дачушка. Тут дзяўчынка паглядзела Максіму ў вочы і нечакана вымавіла: -- А маму любіш?. Ілімскі паглядзеў на Багдану. Іх вочы на імгненне сустрэліся, і маладая жанчына апусціла галаву. Што рабіць? Ці будзе гэта праўдай? Ці не рана казаць «люблю» той, якую амаль не ведаеш? Ці зможа Багдана заняць тое месца ў сэрцы, што раней належыла Натальцы? За гэтую хвіліну безліч думак свідравалі галаву Максіма і балюча аддаваліся ў сэрцы. Маленькая дзяўчынка, якую ён трымаў на руках, перавярнула ўсё жыццё.
-- Любіш?
Тут Ілімскі паслухаўся ўнутранага голасу і ціха прамовіў:
-- Люблю, Верачка, люблю. Ён падышоў да жанчыны і ўзяў яе за руку. Тая схамянулася і разгублена сказала:
-- Жартуеш?
- Не, не жартую. Сур’ёзна… Сапраўды… Люблю… - прыпыняючыся ледзь не на кожным слове сказаў Максім і ужо шэптам дадаў. – Дадзеная Богам.
На хвіліну ў кватэры ўсталявалася такая цішыня, што, здавалася, чутна нават біццё чалавечых сэрцаў. Але Верачцы гэта не спадабалася і яна гучна выказалася:
-- Тата, мама, я хочу есці.
Малады чалавек усміхнуўся. – Так, хадземце есці, там усё даўно нас чакае.
Вячэра зацягнулася і павольна перайшла ў шчырую гутарку за сталом. Малая, утульна ўладкаваўшыся на каленях новага таты, соладка спала. За гэты час Ілімскі паведаміў Багдане сумную гісторыю свайго жыцця. Яны дзівіліся падабенству іх лёсаў. Ціхую размову перарваў гадзіннік -- прабіў поўнач, чым абвясціў аб наступленні новага дня. Максім аднёс Верачку ў ложак. Багдана з замілаваннем глядзела на іх. Не верылася жанчыне, што вось такі падарунак будзе пасланы ёй Небам у перадсвяточны вечар.
-- І табе добрай ночы, Багдана, – ласкава вымавіў малады чалавек. А я пайду ў машыну, прынясу торбы.
Максім выйшаў на вуліцу. Снег мякка падаў на зямлю і блішчэў у святле ліхтароў.. Прырода святкавала Дзень Нараджэння Хрыста. Усё было прыбрана снегам і нават уначы было чыстым і прыгожым, таемным… На шчоках маладога чалавека з’явіліся маленькія кропелькі талых сняжынак.. У яго галаве мільгацелі разнастайныя думкі. Так цудоўна прайшоў гэты перадкалядны вечар. Максім нават не мог падумаць, што Бог, аднойчы забраўшы самае дарагое ў жыцці, можа падарыць яшчэ даражэйшае...