Прытча пра пячэнне

Лаззаро
Аэрапорт. Дзяўчына рэйс чакае.
Каб скаратаць карысна гэты час,
пячэння пачак, кніжачку купляе –
часопіс нейкі  тоненькі – на раз.

У зал чакання з купленым заходзіць,
сядае ў крэсла – трохі  адпачыць.
А там – мужчына, прыбраны па модзе,
праз месца з кніжкай нейкаю сядзіць.

Між іх – пакет. Яе. З яе пячэннем.
Дзяўчо чытае і... адно бярэ.
Ды бачыць што сусед вокаімгненна
бярэ адтуль жа і ... а-ёй! – жарэ!

Яна – яшчэ. І ён услед шчыруе.
Яна – ізноў. І ён не адстае.
Ну і нахабнік – свет не бачыў. Ну і...
Усе пячэнькі выцягнуў яе!

Калі ж адно ў пачочку засталося,
дзяўчо варожы кінула пагляд:
што зробіць ён? І успыхнула ад злосці:
ну і сусед дастаўся, ну і гад!

А ён пячэньку лоўка распаловіў,
з усмешкай шчырай даме падае...
Дзяўчына – скок. І ў чырвань! І ні слова.
Яшчэ й смяецца, ёлупень, з яе!

А тут і рэйс чаканы абвясцілі...
Калі ж узняўся ў неба самалёт,
дзяўчыны рукі ў сумцы рэчы ўзрылі...
І раптам штось працяла навылёт:

Пачок з пячэннем, тым, што не дастала,
калі сядала ў крэсла пачытаць!
Яна яго – суседа – аб’ядала!
І нат "Прабач!" яму ўжо не сказаць!

Мараль такая: перш, чым абурацца
і сэрца крыўдай марна апякаць,
магчыма лепш у справе разабрацца
і на кагось сабак не выпускаць.

21.04.2014