Цыганскi табар

Леонид Пранчак
ЦЫГАНСКІ ТАБАР

Нарадзіла матуля мяне
Цёмнай ноччу пад зоркавы спеў.
Цыганом на ліхім скакуне
Я наўскач па жыцці паляцеў.
Выбраў сам неспакойны свой лёс,
Зведаў безліч дарог і шляхоў –
Па каралях нячэпаных рос,
Па каралах калядных снягоў.

Мне ноч сяброўка,
Мне месяц сябра.
Мой шлях ахутаў
Густы туман...
Зямной самоты
Цыганскі табар,
Жыццём і воляй
Я твой цыган!

Час узносіў мяне і таптаў,
Лёс пазбавіў сяброў і надзей.
Я любоў і нянавісць спазнаў
Ад нядобрых і добрых людзей.
Цыганом на ліхім скакуне
Неўтаймоўнае сэрца збярог.
Блаславіла матуля мяне
Хмельным ветрам вандроўных дарог.

Мне ноч сяброўка,
Мне месяц сябра.
Мой шлях ахутаў
Густы туман...
Зямной самоты
Цыганскі табар,
Жыццём і воляй
Я твой цыган!

22.04.2014