Сустрэча з Вамi так дарэчы

Махнач Сергей Юрьевсын
Сустрэча з Вамі так дарэчы:
Хадзіў пахмурны, нібы ў сне,
А зараз я расправіў плечы,
Няма мiж намi той пустэчы,
Што болем дапякала мне.

Няма турбот і хваляванняў –
Вы мне ўсміхнуліся. I вось,
Бывай, галоўнае з пытанняў,
Збылося лепшае з жаданняў:
Я сёння Ваш таемны госць.

Пачуцці Вашы не абражу,
Мне гэты момант дарагі.
Юрлівасць змыў з сябе, як сажу.
Дазвольце, вершам Вас уражу?
Дазвольце прачытаць другі?

Я Вам пішу ... я Вам чытаю,
З душы прагнаўшы зграі хмар,
Я перад Вамі снегам таю,
Травой калені абдымаю,
Цалую ветрам любы твар.


10.05.2014