Калi мяне мiнулым болем...

Лаззаро
Калі мяне мінулым болем
ізноў жмане шаленец-май,
з'явіся мне, о, мой анёле,
і дай  няўтольнаму патолі –
хаця паўдолькі лепшай долі –
і дух у целе падтрымай!

Штурхні: "Ізноў ляціш на рыфы
па волі ветразя-душы?
Асцеражыся слоў у рыфму!
І праз жадункаў алгарыфмы
уласны лёс, як крохкі грыфель,
на ліст паперы не скрышы!"

Яшчэ й дадай: "Расплюшчы вочы!
Зірні, што творыш, памаўза!
Кідай чмурэць у цемры ночы,
каб абы-што не напрарочыць,
і вершам яву не сурочыць,
і свет у вузел не звязаць!"

18.05.2014