Мой чарговы верш

Махнач Сергей Юрьевсын
Мой чарговы верш – якім ён будзе?
Што хачу я ім да вас данесці?

Выйдзе сонца – лепей стануць людзі,
Смех і песні мы пачуем дзесьці.
Пойдзе дождж, агідны і халодны,
Пабягуць усе хутчэй дахаты.
Не захоча захварэць нiводны,
Ці то бедны ён, ці то багаты.
Рыба знойдзе месца, дзе глыбока,
Звер лясны – дзе ціха i бяспечна.
Я на свет гляджу ў абодва вока:
Ён ужо не той, што быў спрадвечна.
Кожны хоча жыць магутнай верай,
Што жыццё не абарвецца раптам,
Што сусвет пазбегне ночы шэрай
I праслужыць доўга мірны атам.
Кожны хоча гадаваць нашчадкаў,
Піць з крыніц, купацца ў чыстай рэчцы,
Ды кіслотных не чакаць ападкаў…
Не перамагчы прыроду ў спрэчцы.


Мой чарговы верш – якім ён будзе,
І ці будзе заўтра ён наогул?
Выйдзе сонца, а ці выйдуць людзі?
Гэтае вядома толькі Богу.
26.05.2014