Нязвычна

Алёна Шибкова
Мне абрыдла да смерці чаканне прасвету,
Па слядках па тваіх я цяпер не блукаю.
Гэта, пэўна, не лепшая ў свеце прымета:
Я цябе не чакаю,
Ужо не чакаю.

Надакучыў мне боль, раздзіраючы горла,
Я з надрывам цябе больш услед не гукаю.
А між намі расце непамерная прорва,
Я цябе не шукаю,
Ужо не шукаю.

Першы раз адзінота мне звязкі не душыць,
Я нарэшце світанак свабоднай спаткаю,
А цябе больш ніяк мой спакой не парушыць.
Як нязвычна адчуць:
Я цябе не кахаю