Налева

Ольга Маро
            

У далонi агнiстую птушку трымаеш,
Бiццё трапяткое жыцця адчуваеш.
I вырашыць лёс патрабуе хутчэй:
Пусцiць? Дык не хоча. Трымаць? Дык пячэ.

Дзе сэрца каханай жанчыны вандруе?
Цi чорным, цi белым твой шлях намалюе?
Паловаю белаю- будзеш натхнёны.
Паловаю чорнаю- будзеш шалёны.

Глядзi, вось стаiць яна на скрыжаваннi,
Бы нешта шукаючы ў адлюстраваннi:
Цi крылаў у шчырым размаху плячэй,
Цi зорак у зрэнках аленiх вачэй.

Убачыш ва ўсмешцы, прыгожай надзвычай,
Усю цемру жаночай душы паляўнiчай,
Шаманскiя танцы, павольныя рухi,
Над гнуткiм сцягном перавiтыя рукi.

Убачыш у ясных вачах колер неба,
Цi лiсця, цi мора, цi кветкi, цi глебы.
Прашу, не кранiся яе чысцiнi.
Прашу, адвярнiся, жыцця не кранi!

Каханы, стаiш у яе на парозе.
Праз дзверы адчуе тыгрыны твой позiрк.
Стаiць анямела, ключ не варухне.
Налева- адчынiць, направа- замкне.

Збянтэжанай птушкаю ў вырай iмкнецца.
I шэпча праз дзверы, сумуе, смяецца,
Што праўда i лёс памiж вамi сцяною.
(I крыжыкам пальцы складзе за спiною).