Нештодзённасць

Леонид Пранчак
НЕШТОДЗЁННАСЦЬ

Жывёльны страх падзення з вышыні
Каштоўнасцяў адладжанага быту...
Уяўнасць і часовасць дабрабыту
Як згода жыць у брудзе і хлусні

Закладнікам адвечнай мітусні,
Насельнікам засмечаных кварталаў,
Ахвярай сфальшаваных ідэалаў,
Дзе праўды і сапраўднасці ані.

З'язджаю ў лес, з крыніцы п'ю ваду.
Дзіўлюся на цнатлівыя лілеі...
Адрокшыся ўсяго, апроч надзеі,
Трываю боль, каб вытрываць бяду.

Блукаю па апошніх хутарах,
Душою чую вечную будзённасць,
Няўладжаннасць яе і нештодзённасць...
І ў люстрах росаў гіне ночы страх.

13 ліпеня 2014