Гарачы лiпень...

Лаззаро
Гарачы ліпень. Дзень запалкай дагарае.
За кальцавою — аўтаводная рака.
Яна нясе мой "карабель" да небакраю
ў шасэйным ложы,  у кляновых берагах.

Абапал —  нівы. Мора ніў. Марскія  хвалі
цалуе сонца —  залацень у залацень—
і асвятляе аблачынак аўтараллі...

Звычайны ліпень....

Незвычайны летні дзень.

Я раптам бачу, а дакладней —  адчуваю
як мімалётна вось такая прыгажосць:
як "Хонда" часу абмінае і губляе
усё, што дорага, усё, што сёння ёсць.

Да слёз балюча, што і свет калісьці знікне,
што і мяне чакае Сцікс (ці Ахерон?).
Такі расклад зямных шляхоў. Здаецца, звыклы.
Інакш — ніяк, што б не прарочылі Таро.

Усё часова, ўсё да роспачы часова.
Хаця наш век — як магістраль у сто гадоў,
вокаімгненне — вось дакладнейшае слова,
каб упісаць жыццё "даўжэннае" ў радок.

Таму давайце, не губляючы ні хвілі,
нектар жыцця па кроплі ўсмак штодзённа піць.
І славіць Бога... І...  Скажыце, вы  любілі?
А як Ісус ці навучыліся любіць?

——————————————

honda—  у перакладзе з гішпанскага —  прашча