Анёлы i дэманы

Ольга Маро
Анёл малюе ў небе белы след;
Вiльготным пер'ем ад празрыстых крылаў
Б'е; пырскае iльдзiсты колкi свет
Блiскучым позiркам,i мудрым i гняўлiвым. 

А дэман шэпча, сцiплае цяпло
Лiпучай медавухай разлiвае,
Ўкахаўшыся, анёлу рве крыло,
Ды i мяне глупотай даракае.

Я ў стозе сена, дрыжачы, ляжу
Ў вульгарнай, вымаклай наскрозь сукенцы.
I дэману ў каханнi варажу,
Анёла праваждаю ў Рая сенцы.

Ад болю болей мне слязы не лiць.
Ад болю болей не казаць i слоўца.
I дэману- бясконцы смутак пiць.
Анёлу- зiхацiць блакiт бясконцы.