Маляванка

Ольга Маро
Намалюй мне што-небудзь пяшчотнае,
Штосьцi мяккае i бестурботнае.
Штось муркотнае, цёпла- кацячае,
Вераснёва- праменна- дзiцячае.

Намалюй мне што-небудзь сапраўднае,
Штось шурпатае, крэпкае, ладнае,
Штось драўлянае цi металiчнае,
Штось надзейнае, пэўна- лагiчнае.

Намалюй мне што-небудзь звычайнае,
Памяркоўнае i дасягальнае,
Зразумелае, простае, зручнае,
Штось зямное, прытульна- дакучнае.

Выдзiрай мяне з гэтага лiпкага,
Аксамiтнага, чорнага, брыдкага,
Ненадзейнага, змрочна- дрыгвотнага,
Зло- нахабнага i падваротнага. 
 
Моршчу вочы ад яркага сонца я,
Мне малюецца нешта бясконцае,
Бездакорнае i залацiстае,
Штось крылатае, зорна- iскрыстае.

Мне малюецца нешта празрыстае,
Як дажджынка на шкле шэра-чыстая,
Ў след аб`ёмны i тонкi за кропляю,
Чуць сусвет перавёрнуты здольнае.

Мне малюецца нешта каштоўнае,
Таямнiчае, цёмна- грунтоўнае,
Захаванае ў скарб пад паветкаю,
Не зламанае папараць-кветкаю.