Каменнае сэрца

Леонид Пранчак
КАМЕННАЕ СЭРЦА

Бушуе да ночы
Ліхая віхура.
Скразныя вятры
Неўтаймоўна гудуць...
Каменнае сэрца і тоўстая скура
Ад болю надзейна цябе сцерагуць.

Каменнае сэрца не ведае болю.
І ў гэтым яго не патрэбна вініць.
Таму што ніколі, ніколі, ніколі
Каменнае сэрца не зможа любіць.

Нягода навокал.
Мне прыкра і хмура.
Ды снег хутка сыдзе,
Таму што вясна.
Каменнае сэрца і тоўстая скура —
Твой лёс незайздросны, але не віна.

Не ты вінавата,
Не я вінаваты,
Што ноччу
Вярнулася раптам зіма...
Хто ведае:
Гэта набытак ці страта —
Каханне, як шчасце,
Было і няма.


27 верасня 2014