Выхаваучая функцыя казак пра жывёл

Всегда Надя
          Вывучэнне фальклорнай спадчыны беларусаў набывае асабліва вялікае значэнне зараз – у перыяд складаных працэсаў, якія адбываюцца ў развіцці нацыянальнай духоўнай культуры, калі родная мова недастаткова выкарыстоўваецца ў грамадска-палітычным і сямейным жыцці.
          Яшчэ з дзяцінства зачытвалася беларускімі народнымі казкамі, але і зараз нічога не змянілася: як і раней, з захапленнем шукаю ў іх штосьці новае і непаўторнае, тое, што не магла ўбачыць учора, але што імкнуся зразумець сёння. Мяне заўсёды цікавіла, што ж расказвалі па вечарах дзецям сто гадоў таму, дзвесце, а можа, і больш… Ці не казкі? А што расказаць сённяшняму маленькаму слухачу? Ці не будзе найлепшым варыянтам адна з беларускіх народных казак? Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, вырашыла спыніцца менавіта на выхаваўчай функцыі казак аб жывёлах.
          Казкі пра жывёл – адзін з самых старажытных жанраў беларускага фальклору. Вытокі адносяцца да часу, калі першабытны чалавек яшчэ не вылучаў сябе з навакольнага свету. Казкі пра жывёл паступова станавіліся скарбніцай, у якой назапашваліся веды паляўнічых пра паходжанне, асаблівасці паводзін і знешняга выгляду птушак і жывёл. Этыялагічныя міфы сталі старажытнай асновай, на якой пачалі фарміравацца сюжэты жывёльнага эпасу. У паўсядзённай працы паляўнічы, а пазней жывёлавод непасрэдна судакраналіся з жывёльным светам, і з цягам часу ў іх свядомасці склалася цэластная сістэма ўяўленняў пра дзікіх і хатніх жывёл: іх характары, звычкі, паводзіны, рухі. Вылучалі таксама найбольш тыповыя рысы, якія потым імітаваліся хлопчыкамі ў працэсе вучэбных гульняў-трэніровак, якія павінны былі спрыяць паспяховаму праходжанню ініцыяцыі – абрады прысвячэння ў дарослых членаў грамадства. Тады чалавек быў амаль у поўнай залежнасці ад сіл прыроды і ў сваім уяўленні надзяляў жывёл, расліны, з’явы прыроды рознымі незвычайнымі якасцямі, а таксама некаторымі якасцямі людзей. У гэтых першых казках мы чуем, па словах М. Горкага, водгукі працы над прыручэннем жывёл, над адкрыццём лекавых траў, вынаходніцтвам прылад працы. Пазней у аснове ўзаемаадносін паміж чалавекам і жывёлай былі не толькі эканамічныя, але і ідэалагічныя падставы. Шматлікія прадстаўнікі жывёльнага свету былі ўзведзены ў ранг родавага бажаства – татэма, які надзяляўся звышнатуральнымі здольнасцямі і лічыўся свяшчэнным родапачынальнікам. Кола асноўных персанажаў жывёльнага эпасу нароўні з ушанаваннем абрадавых персанажаў дазваляе даведацца пра жывёл, якіх найбольш шанавалі продкі. Пазней, у класавым грамадстве, казкі аб жывёлах набылі новы змест. Разам з трапнымі назіраннямі над навакольнай прыродай у гэтых казках у алегарычнай форме правільна перададзены адносіны паміж людзьмі, асобныя рысы чалавечых характараў, выкрываюцца заганы грамадства, заснаванага на прыгнечанні чалавека чалавекам. Казкі аб жывёлах фарміраваліся пад уплывам працоўнай практыкі як адзін са сродкаў абагульнення і замацавання працоўнага і сацыяльнага вопыту людзей і не адразу набылі прыкметныя адзнакі жанру. Далейшыя этапы эвалюцыі казак аб жывёлах, як і іх вытокі, высветліць таксама вельмі складана. Нават у самых ранніх запісах нямала ўжо казак-алегорый, якія захавалі і пранеслі скрозь стагоддзі вобразную сістэму, але страцілі першапачатковы змест. Казкі як творы сапраўднага мастацтва задавальнялі эстэтычныя запатрабаванні народа і ў той жа час былі важным сродкам пазнання навакольнага свету і абагульнення працоўнага вопыту многіх пакаленняў, а таксама сродкам выхавання.
           У беларускіх казках аб жывёлах дзейнічаюць дзікія і хатнія жывёлы, а таксама птушкі і насякомыя. Найбольш вядомыя персанажы – лісіца, воўк, мядзведзь, заяц, дзік, сабака, кот, баран, каза, конь, певень, гусак, качар, муха, пчала і інш. Вельмі важнай асаблівасцю казак аб жывёлах з’яўляецца тое, што амаль ва ўсіх творах за дзеючымі асобамі захоўваюцца найбольш тыповыя для іх якасці: асноўная рыса лісіцы – хітрасць, ваўка – прагнасць, ката – мудрасць і г.д. Такім чынам, з казак аб жывёлах перад намі паўстаюць не толькі цікавыя, жывыя, з характэрнымі асаблівасцямі паводзін і знешняга выгляду вобразы са свету жывёл, але ў першую чаргу вобразы-абагульненні, якія раскрываюць перад слухачом у шматграннасці праяў сяброўства і здраду, бескарыслівасць і прагнасць, справядлівасць і ашуканства і г.д. Мы бачым своеасаблівы сінтэз: з аднаго боку, у вобразах казак аб жывёлах праявіліся вельмі трапныя назіранні людзей над навакольнай прыродай, а з другога – абагульнены вопыт грамадскага побыту, жыцця і ўзаемаадносін людзей, прычым гэта апошняе і вызначае змест вобраза.
          Возьмем, напрыклад, казкі, у якіх асноўнай дзеючай асобай з’яўляецца лісіца. Хітрасць вызначае яе паводзіны ў самых разнастайных сітуацыях, у сутыкненнях з людзьмі і рознымі прадстаўнікамі свету жывёл. Хітрая лісіца спрытна ашуквае селяніна і ласуецца свежай рыбай. Яна знаходзіць спосаб выбрацца з ямы, куды трапіла з іншымі звярамі; ашуканьствам выманьвае ў дразда яго дзетак; шырока карыстаецца прагнасцю і дурасцю ваўка. Праўда, у некаторых казках ліса, нягледзячы на сваю хітрасць і спрыт, застаецца пераможанай. Яе пераможца – кот, які звычайна малюецца ў казках мудрым, адданым і смелым сябрам. Кот не толькі адбірае ў лісіцы свайго сябра – пеўніка, але і карае драпежніцу разам з яе дочкамі. Лісіцу перахітрыў чалавек: замест курэй ён прынёс у мяху двух сабак, якія і выцягнулі лісіцу з нары. Хітрыкі лясы выкрыў цецярук. Аднак і ў такіх казках, дзе ліса застаецца пераможанай, яна не пазбаўлена асноўнай сваёй якасці – хітрасці, побач з якой можна заўважыць і несумленнасць, і нават здрадніцтва.
          Вельмі паслядоўна паказваюцца ў казках і вызначальныя рысы ваўка. Воўк прымае парады лісіцы і хвастом ловіць рыбу ў палонцы. Яму патрэбна толькі вялікая рыба, і ён, не зважаючы на словы лісы, прыгаворвае: «Лавіся, рыбка, усё вялікая да вялікая», пакуль яго хвост не ўмёрз у лёд і не збегліся з качэргамі сяляне. Перш, чым з’есці каня, воўк згаджаецца зняць з яго падковы і атрымлівае моцны ўдар капытам. Ствараючы вобраз прагнага, ненажэрнага і дурнога ваўка, народ гіпербалізуе гэтыя рысы, каб яшчэ мацней падкрэсліць усю іх непрывабнасць і агіднасць.
          Побач з замацаваннем за пэўнымі персанажамі казак найбольш характэрных для іх рыс у казках аб жывёлах захоўваецца і строгая, заснаваная на сіле іерархія ў адносінах паміж гэтымі персанажамі. Мядзведзь дужы, таму ён пануе над усім звярыным царствам (казка «Дзедава рукавічка»), нягледзячы на відавочную непаваротлівасць і неразумнасць. Яго недалёкасцю шырока карыстаюцца ў сваіх інтарэсах іншыя драпежнікі, якія крыўдзяць безабаронных звяроў. Гэтыя казкі вельмі нагадвалі слухачам жыццё, у якім дужы панаваў над слабым, багаты над бедным. Казкі, якія выкрывалі сацыяльную няроўнасць і адлюстроўвалі крытычныя адносіны народа да рэлігіі, царквы і яе служак («Ліса-каталічка», «Курка-рабушка»), набывалі сатырычнае гучанне.
          У казках аб жывёлах народ з павагай гаворыць аб сяброўстве, шчырай і бескарыснай дапамозе, імкненні да справядлівасці, рашуча асуджае няўдзячнасць і здрадніцтва таварышам, з тонкім гумарам высмейвае фанабэрыю, зайздрасць, баязлівасць.
          Заслугоўвае ўвагі характар канфлікту многіх казак аб жывёлах. Лісіца або каза выганяюць зайчыка з яго хаткі, певень трапляе ў кіпцюры лісы, воўк збіраецца садраць кажух з авечкі, воўк праглынае казлянятак – усё гэта, па сутнасці, канфлікт сілы, сутыкненне дужага са слабым, але ў развіцці дзеяння на першы план выступаюць праблемы сацыяльнага або маральна-этычнага характару.
         Іншага плана канфлікт у казках «Лісіца і жораў», «Жораў і чапля» і многіх да іх падобных, якія адлюстроўваюць сутыкненне характараў, а не супрацьлеглых сацыяльных сіл. У прасякнутых тонкім гумарам творах нас пацяшае гісторыя безвыніковага сватання жорава да чаплі і чаплі да жорава; частаванне лісіцы і жорава, якія так і не здолелі нічым паласавацца з-за ўзаемнай «гасціннасці»; спрэчка савы з варонай аб тым, чые дзеці прыгажэйшыя, і г.д. Усе гэтыя малюнкі адлюстроўвалі рэальнае жыццё, уласцівыя людзям учынкі, іх станоўчыя якасці, а таксама слабасці і недахопы.
          Казкі аб жывёлах у большасці сваёй апавядаюць аб пэўных падзеях, здарэннях, разгортваючы іх перад слухачом у строгай паслядоўнасці. Пры гэтым важнае месца ў казках аб жывёлах займае дыялог, які дае здольнамў казачніку вельмі шырокія магчымасці для імправізацыі, пераўвасаблення. Дыялог складае асновў казак «Пчала і шэршань», «Лісіца і цецярук» і інш.
          Па асаблівасцях кампазіцыі сярод казак аб жывёлах вылучаецца група камулятыўных або, як іх яшчэ называюць, ланцужковых. Ад іншых твораў казачнага эпасу яны адрозніваюцца тым, што лёгка падзяляюцца на асобныя сюжэтныя звенні. Кожнае са звенняў сюжэтнага ланцуга ўключае ў сябе ўсе дэталі папярэдняга звяна і яшчэ нешта новае. З кожнай новай, наступнай ступенню павялічваецца лік дзеючых асоб, адбываецца так званае «нарашчэнне» дзеяння. Па такім прынцыпе пабудаваны казкі «Курка-рабушка», «Верабей і былінка» і інш.
          І ў кумулятыўных казках выказаны адносіны народа да розных грамадскіх з’яў. Жартоўная развязка казкі «Курка-рабушка», у якой гаворыцца аб тым, што дзяк падраў свае кнігі, а поп падпаліў царкву, пэўным чынам характарызўе адносіны працоўных да служак культу.
          Казка «Дзяцел, воўк і лісіца» раскрывае перад слухачом ужо вядомыя рысы лісы і ваўка: хітрасць і каварнасць першай і дурасць другога, але выяўляюцца гэтыя якасці ў дзеяннях і акалічнасцях, не адлюстраваных у казачным эпасе іншых славянскіх народаў. Даведаўшыся, што воўк хоча справіць сабе кажух, лісіца раіць яму краўца, які «добра шые», «добра й мерае». Такім краўцом аказаўся папоўскі жарабец, які змалаціў капытамі ваўка і ледзь жывога зацягнуў яго на папоўскі двор.
          Своеасаблівы сюжэт казкі «Адчаго ваўкі званка баяцца». За добрую службу станавы дае лісіцы на некаторы час свой уласны званок, і з тае пары ўсюды людзі баяліся лісіцу і імкнуліся дагадзіць ёй, як самому станавому. Аднойчы воўк пазычыў у лісіцы званок і пабег да пастухоў па барана. Але пастухі не далі ваўку веры, што ён прыйшоў ад станавога, набілі яго, а званок адабралі. З таго часу як пачуе воўк званок, так і ўцякае, бо думае, што гэта станавы шукае яго, каб пакараць. Сюжэт гэтай казкі зусім не адлюстраваны ў вядомых паказальніках казачных сюжэтаў і ўласцівы толькі беларускаму фальклору.
          Сярод беларускіх казак аб жывёлах, сюжэты якіх адлюстраваны няпоўна ці зусім адсутнічаюць у паказальніках казачных сюжэтаў, можна назваць некалькі твораў аб птушках і насякомых. Напрыклад, Е. Раманаў у другім томе «Матэрыялаў па этнаграфіі Гродзенскай губерні» змясціў некалькі казак пра вяселле вераб’я і іншых птушак. Гэтыя казкі вельмі блізкія да песень, ад якіх, відаць, і бяруць свой пачатак, захоўваючы сюжэт, рытміку, рыфму. Заўважым, дарэчы, што песні пра вяселле вераб’я шырока вядомы ў беларускай, рускай, украінскай народнай паэзіі, у творчасці іншых славянскіх народаў. Аднак нягледзячы на відавочную блізкасць гэтых сюжэтаў да песенных, у нас няма падстаў не згаджацца з Е. Раманавым, які аднёс іх да казак, тым больш, што ў яго ж працах варыянты гэтых твораў, калі яны бытавалі як песні, змешчаны ў раздзеле гумарыстычных песень.
          Па матывіроўцы ўчынкаў і трактоўцы вобразаў арыгінальным творам з’яўляецца запісаная М. Федароўскім казка «Шэршань у сватох», хаця яна некалькі нагадвае вядомы сюжэт аб сватанні жорава і чаплі.
          Ўжо толькі гэтыя прыклады даюць падставу сцвярджаць, што беларускія казкі аб жывёлах у пэўнай ступені пашыраюць тэматычныя рамкі казачнага эпасу славян, узбагачаюць яго новымі сюжэтамі, уносяць нешта сваё, спецыфічнае ў сістэму вобразаў. Асноўныя героі беларускіх казак аб жывёлах тыя ж, што і ў казачным эпасе іншых славянскіх народаў. У той жа час нярэдка ў трактоўцы вобразаў з прычыны пэўных гістарычных умоў з’яўляюцца некаторыя новыя рысы, якія надаюць гэтым вобразам своеасаблівы каларыт і нават новае ідэйнае гучанне. З гэтага пункту погляду заслугоўвае ўвагі казка «Ліса-каталічка». У аснове яе ляжыць сюжэт, вызначаны па паказальніках Андрэева – «Няхай той серадзіць, хто на неба глядзіць» і сфармуляваны наступным чынам: «Лісіца адмаўляецца ўзяць мяса з пасткі, спасылаючыся на постны дзень (серада, пятніца); воўк трапляе ў пастку, лісіца забірае мяса”. Па сутнасці, перад намі адна са шматлікіх казак, персанаж якой для ажыццяўлення сваёй задумы прыкрываецца набожнасцю, неабходнасцю строга прытрымлівацца ўказанняў і забаронаў царквы. Ужо сама па сабе падобная калізія садзейнічае выкрыццю ханжаства, двудушша, манны. Але ў беларускай казцы лісіца, каб растлумачыць мядзведзю, чаму яна сама не з’ела мяса, падкрэслівае, што яна-каталічка.
          Гэты штрых у казачным вобразе не выпадковы і заключае ў сабе пэўны сэнс. У беларускім фальклоры народ з аднолькавай сілай і трапнасцю крытыкуе служак і праваслаўнай, і каталіцкай, і іўдзейскай цэркваў, сектантаў, знахароў, шаптух. У адносінах да каталіцкага духавенства і каталіцкай царквы побач з антыклірыкалнымі настроямі ў некаторых творах адлюстраваны і іншыя матывы. Каталіцкая царква падтрымлівала палітыку, якую ў 16 – 18 стст. вялі ў Беларусі правячыя колы Польшчы з мэтай эканамічнага, палітычнага і духоўнага заняволення беларускага народа. Многія прадстаўнікі пануючага класа з’яўляліся католікамі, з пагардай ставіліся да сваіх падданых, іх мовы і культуры, да іншай веры. Адсюль вынікае асобая вастрыня крытыкі каталіцкай царквы, духавенства і памешчыкаў, якая праявілася ў творах розных жанраў беларускага фальклору, адсюль і тыя штрыхі, што надаюць новае гучанне традыцыйным казачным вобразам, вядомым усім славянам. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і іншыя недахопы людзей свайго асяроддзя.
          У наш час казачная традыцыя паступова затухае, але многія казкі трывала захоўваюцца ў народным рэпертуары і па-ранейшаму выконваюць значную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. У апошнія гады ў розных раёнах Беларўсі было запісана шмат гэтых твораў, у асноўным казкі пра жывёл і чарадзейныя, якія карыстаюцца асаблівай увагай дзіцячай аудыторыі. Мэта іншых казак пра жывёл, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аудыторыю, – пазнаёміць дзіця з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемасувязі паміж прадметамі, жывымі істотамі, паміж дзеяннем і яго вынікам.
Літаратура:
1. Жирмунский В. М. Эпическое творчество славянских народов и проблемы сравнительного изучения эпоса. М., 1958 г.
2. Кабашнікаў К. П., Ліс А. С., Фядосік А. С. і інш. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: падручнік для студэнтаў філал. спец. ВНУ, Мн.: Лексіс, 2000 г.
3. Кравцов  Н. И. Проблемы славянского фольклора, М.: «Наука», 1972 г.
4. Кравцов Н. И., Лазутин С. Г. Русское устное народное творчество: Учебник для фил. спец. Ун-тов.– 2-е изд., испр. и доп., М., «Высшая школа», 1983
5. Померанцева Э. В., Чистов К. В. Русская фольклорная проза и межэтнические процессы//Отражение межэтнических процессов в устной прозе. М., 1979 г.
6. Путилов Б. Н. Методология сравнительно-исторического изучения фольклора. Л., 1976 г.
7. Тресков И. В. Взаимоотношения народных поэтических культур, «Эльбрус», 1979 г.
8. Беларускі фальклор. Хрэстаматыя/Склад. Кабашнікаў і інш.–  2-е выд., Мн., «Вышэйшая школа», 1977 г.
9. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя, Мн.: “Беларуская энцыклапедыя”, 2005 г.
10. Беларускі Фальклор: Хрэстаматыя: Вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ Склад. Кабашнікау К. П. і інш.– 4-е выд., перапрац. Мн.: «Вышэйшая школа» 1996 г.
11. Восточнославянскій фольклор: Словарь научной и народной терминологии., – Мн.: “Навука и тэхніка”, 1993 г.
12. Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі, Мн.: «Навука і тэхніка», 1971 г.
13. Славянский фольклор. Сост. Кравцов Н. И., Кулагина А. В.– издательство московского университета, 1987 г.