Трэба нешта

Марина Ковалёнок
          Трэба  нешта  з’есці
Усялякіх  страў!  Якіх  прыдумаць!  Толькі
Дзяцінства  смак  найлепшы,  без  маны,
Бо  ў  памяці  бабуліны  какоркі
Ды  тоўстыя  надраныя  бліны.

Калі  яшчэ  і  сонейка  драмала,
На  прыпечак  выскоквалі  стральцы,
Пякліся  ў  патэльні  на  сняданак
На  дэнцы  раскачаныя  стульцы.

Ні  з  чым  непараўнальная,  паверце,
З  духмяным  пахам  дранка  ў  кацялку.
Я  корку  найсмачнейшую  ў  свеце
Мачала  ў  шкваркі,  узяўшы  ў  руку.

Нібы  падлодкай  у  моры  кіравала,
Ганяла  плаўна  ў  місцы  лыжкай  ком.
Так  за  гульнёй  кудысці  і  знікала
Вячэрняя  зацірка  з  малаком.

А  зліты  ў  торбу  мяккі  твораг  свежы!
А  ім  жа  накрыпаны  тонкі  блін!
Такой  нязвыклай,  дзіўнай  была  ежай
Раўгеня  да  гарачых  картаплін.

Я  піць  любіла  малако  з-пад  банкі.
Любіла  сырнічкаў  паесці  з  кісяльком,
Таксама – салка, квашанінкі, вантрабянкі
І  ўсё  гэта  ў  прыкуску  з  агурком.

Што  можа  быць  урэшце  апетытней
Салёнай  паляндвічкі  паласы,
І  кумпячка  з  капцільні,  і  завітай
Сухой  дамашняй  тонкай  каўбасы.

Напэўна  мне  пара  ўжо  прысесці,
Хоць  светлы  ўспамін  прагнаў  тугу,
Ды  страўнік  шэпча:  “Трэба  нешта  з’есці”.
Сябры,  прабачце,  болей  не  магу.