Дзецi

Владимир Короткевич
Дзеці



О, якая залатая восень!
О, як стогне пад снапамі воз!
Павуцінне, "пража маткі боскай",
Заплятае халадок нябёс.
Да замілавання паўнакроўныя
Гарбузы, узятыя з грады,
Са страхі, як статак парсюковы,
Звесілі ружовыя зады.
Мышы з бадзякоў цягаюць воўну,
П'е зямля сухіх нябёс блакіт...
На гародах высахлы бульбоўнік,
Водар кропу, мята і ваўчкі.
Дні на гэтым водары настоены,
Сэрца поўняць сум і прага жыць...
Хлапчукі, на добры лад настроены,
Улягліся ціха на мяжы.
П'юць духмян паспелай жоўклай восені,
Падраслі шчаслівыя за нод,
А над імі серабрысты ў просіні -
Ледзь прыкметнай кропкай самалёт.
З-пад чубкоў бялявых, як салома,
За шчасліўцам сочаць гарачэй,
З зайздрасцю, з чаканнем невядомага
Дзесяць ясных зорачак-вачэй.
Дзень такі бязмерны і шчаслівы,
Самалёт ляціць у глыб нябёс...
Можна скокнуць наўздагон з абрыву -
І ўзляцеў бы, і ўхапіў за хвост!
Нам з гадамі ўжо не сняцца зоры,
Але мы, паспеўшы пасталець,
Не асудзім ў гэты дзень прасторны
Мудрае жаданне паляцець.