идти и видеть снег

Анастасия Котюргина
Ісці і бачыць снег.
Быць смелай за плячыма.
І праз гады прысніць,
і зноў крычаць у сне.
Быць Еваю не грэх,
а з яблыкам дзяўчынай
смяротна. Не даплыць
і да світанку мне.
 
Прашу тваёй рукі!
Дазволь безабароннасць.
Я дотыкам адным
асветлена! Табе
ўсе белыя сцягі!
Ды не бяруць палонных
за пачуццё віны!
Тры кропкі. 

І прабел
стамляецца ў журбе
па словах:
друкаваных,
сказаных ды й забытых
назаўжды,
нястомных і жывых,
прамоўленых старана
не для мяне.

Бязмоўныя дажджы
ідуць як сувязныя па маўчанню.
і подзвігам здаецца мне жыццё.
І працякае дзень
нібыта ў кране
з апошняй кропляй знікла пачуццё
нязнанае, як пацалункаў выйсце,
саленае - па вуснах і грудзях,
як адчуванне новага жыцця,
Што праз мяне адкрыецца калісьці...
І стане домам мне дзіцячы смех.

Ну а пакуль ісці і бачыць снег.
І за плячыма быць немілай, можа ...
І толькі прамаўляць:  "Магутны Божа,
і з гэтай небяспечнай вышыні
І ад мяне яго абарані!"

Бо столькі гора ў вобліку святым,
Бо гэта мора шчасця не па ім,
Што ўсё мінула - зноўку не пачаць!
Я гэты дзень выношу на плячах.
Ды й журбы падманлівы прысуд
Яшчэ не пакаханаму нясу.