Бацькам

Людмила Воронова Супрун
(прысвячаецца маім бацькам
Віктару Мікалаевічу
і Софьі Васільеўне Супрун)

Мае бацькі - матуля з татам -
Жыццёвы прыклад для дзяцей,
У хаце - пернікі, гарбата -
Заўжды сустрэнуць тут гасцей.

Жыццё давалася нялёгка -
Усё здабывалі працай рук…
І не шукалі ў ім палёгкі -
Масцілі свой, да шчасця, брук.

Да маці, у бібліятэку,
Вяскоўцы беглі кожны дзень,
Нібы за лекамі ў аптэку…
І зараз "выдасць бюлетэнь".

А бацька, хлебароб заўзяты,
Усім, чым мог, дапамагаў,
Прыходзіў запаўнач дахаты,
Бо хлеб і сеяў ён, і жаў...

Усё даецца нам па справах...
Жывуць і зараз, для людзей,
Іх зоркі свецяцца яскрава,
Хоць вочы бачаць усё хужэй…

Сваю зямельку даглядаюць,
Жадаюць людзям дабрыні -
Бо, што з любоўю засяваюць,
Свае пускае карані…

Іх рысы - у праўнучцы і ўнуках,
У дрэве з назвай "Радавод".
Жыццёвай мудрасці навука,
Як трэба свой любіць народ.
Мінск. 03.03. 2014г.