Нiкацiн

Лазовская Светлана
Мая самотная князёўна,
Мая памерлая вясна!
Жыве шчэ ў памяцi гасцёўня
I вочы колеру iльна.

Пакуты Фауста i Грэты,
Ды разважаннi аб жыццi...
Твой позiрк... Попел цыгарэты...
I мне даўно ўжо час сысцi...

...Чаму забыцца мне балюча?
Чаму балюча не забыць?
Чаму не можа час гаючы
Дагэтуль сэрца залячыць?

Мая самотная князёўна,
Мой ненажэрны крывасмок!
У сэрцы - ноч. На небе - поўня.
Апошнi жэст... Апошнi крок...

Апошнi крык - пятля на шыi.
Твой бездакорна свецкi твар...
О, гэта роспач не адкрые
Мне зноўку шлях у будуар!

Чамусьцi стала нецiкава,
Вясна, напэўна, адцвiла...
Цябе напоўняць дым i кава
Замiж кахання i святла.

Я застануся вечна хворым -
У свеце мрояў i карцiн.

...А у цябе адзiны вораг -
Страшэнны вораг - нiкацiн...