Мiкола Чарняускi

Махнач Сергей Юрьевсын
Мікола Чарняўскі


     У нядзелю, 26 красавіка, на чарговым пасяджэнні Народнага клуба кампазітараў і паэтаў "Жывіца" ў Мінскай абласной бібліятэцы паўтары гадзiны выступаў беларускі паэт і пісьменнік Мікола Чарняўскі.
Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі (псеўданімы: Мікола Чарняўскі, Аўсюг Самасейка, Мікола Сівец) нарадзіўся 16 студзеня 1943 года ў сялянскай сям'і ў в. Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага района Гомельской вобласці.
Мікола Чарняўскі дэбютаваў вершамі ў 1958 годзе (газета «Піянер Беларусі»). У яго першую кнігу «Дзе лета канчаецца» (1963) увайшлi вершы для дзяцей. Менавіта дзіцячая тэма стала асноўнай у творчасці Міколы.

МОЖА, БАЧЫЛІ?..

— Можа, бачылі ці не,
Колькі цацак у мяне:
Разнастайных,
Адмысловых —
І старых,
І самых новых? —
Часта нам хваліўся Рома.
— У маім куточку дома
Трактар ёсць,
Хакей настольны,
Мяч сапраўдны,
Мяч футбольны,
Есць чыгунка,
Лунаход —
Не злічыць усё
За год!
Нездарма казаў мне брат:
«Цацак тут —
На ўвесь дзетсад...»
Можа, бачылі?..
— Ды не!
Быццам сам не знаеш:
Цацкі ўсе
Ад нас і ў сне
Ты, відаць,
Хаваеш!





НА КАГО СВАРЫЎСЯ ГРОМ?

На каго
Сварыўся гром?
Можа, на хмурынку,
Што схавала пад крылом
Сонца за хвілінку?
На каго
Сварыўся гром?
На свавольны вецер,
Што прамчаў-прабег віхром,
Наламаўшы вецця?
На каго
Сварыўся гром?
На маланку, можа, —
Як і дзецям,
Ей з сярпом
Бавіцца нягожа!
На каго
Сварыўся гром,
Аж зямлю хістала?
На мяне,
Каб пад дажджом
З лялькай не гуляла?
На каго
Сварыўся гром?
Можа, на матулю,
Што мяне
Загнала ў дом,
Нібы пчолку ў вулей?..

На каго ж
Сварыўся гром?

     У 1966 годзе Мікола скончыў вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Адначасова з вучобай працаваў рэдактарам на Беларускiм радыё. У 1966-1988 гадах – літаратурны работнік дзіцячага літаратурнага часопіса «Бярозка», затым – старшы рэдактар аддзела, адказны сакратар. З 1989 году – літаратурны рэдактар дзіцячага часопіса "Вясёлка".  Член Саюза пісьменнікаў СССР (1972), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1995), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, Прэміі імя Васіля Віткі, Літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” (2009), ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі – не пералічыць ўсіх яго заслуг і званняў.

     З яркіх успамінаў дзяцінства пачаў сваю гутарку Мікалай Мікалаевіч, бо менавіта яны звязаны ў яго з назвай нашага клуба "Жывіца". Ён распавёў, як упершыню ўбачыў лес (у яго мясцовасці былі, у асноўным, балоты), як спытаў у бацькі: "А што гэта такое сцякае па ствале хвоі?" – "Гэта жывіца", – адказаў бацька. «Жывіца – смала хвойных дрэў, якая выкарыстоўваецца для вырабу шкіпінару, каніфолі, лячэбных бальзамаў» (Вiкiпедыя).

У трох соснах

Мне сон прысніўся,
Сон дзівосны:
Купаўся ліпень у смале,
Я заблудзіўся
У трох соснах —
Ісмех i грэх...
Але, але...

Куды ні кінуся ў адчаі —
Дык натыкнуся на сасну!
А сосны стоена маўчалі,
Маўчаў прасцяг,
Бы ён заснуў.

Гукаў я — рэха рагатала,
Нібы гулялася са мной...
Зноў раптам ціха-ціха стала,
Крычу, заву —
Яно ж растала,
Hi гуку ўжо
На голас мой!

Адно — б'е ў грудзі водар смолкі.
Жывіцы дух —
Хоць пі вазьмі.
Адно — сасонкі,
Тры сасонкі,
Як змоўшчыцы,
Перад вачмі...

І — прасвятленне, прасвятленне!
І — расступіўся круг лясны.
І — знікла стрункае здранцвенне.
І — заспявалі тры сасны.

Стаяў, знямелы і здзіўлёны,
Перад парогам хараства.
Глядзеў на свет,
Як лес, зялёны,
У сонцы ўвесь,
Як сінява.

Ступала ранне маладзіцай —
Туман да ног
Дарожкай лёг...
I варта, можа, заблудзіцца,
Хаця i ў сне,
У соснах трох?

     Мікола Чарняўскі вельмі трапятліва ставіцца да чысціні мовы. Як прыклад, у яго творах не сустрэць словаў, накшталт "вось". Мікалай Мікалаевіч расказаў пра асаблівасці беларускай мовы ў розных рэгіёнах краіны. Напрыклад, у яго мясцовасці не ведаюць слова "нават", усе кажуць "дажэчкi".
     Было цікава паслухаць, як яго прымалі ў Саюз пісьменнікаў, пра патрабаванні да аўтараў, пра правілы прыёму. Самога яго прынялі туды з трэцяй спробы, але гэта не адбілася адмоўна на яго адносінах да любімай справы, наадварот, прымушала яго працаваць і ўдасканальваць свае навыкі.
     Многія яго творы напоўнены тонкім пачуццём гумару, што стала залогам поспеху, яго аўтарскім стылем.

КЛАПАТЛІВАЯ ЦЕШЧА

Цешча зяця шанавала —
Хіба ж гэта мала?
Цешча зяця шкадавала —
Рэдка ў госці звала.
Добра ведала прыходы
Зяця дарагога:
Як глыне чаго — заўсёды
Вузкая дарога.
Пасядзець бы каля зяця
Ды пачаць гаворку,—
Цешча ж бегае па хаце,
Па глухім задворку,
Бо не знае, што рабіць,
Дзець куды свой смутак,
Куды зяця пасадзіць
І...на колькі сутак?

     Выступаючы ў працоўных калектывах і чытаючы вершы, ён не аднойчы заўважаў, што яго літаратурныя персанажы адпавядаюць некаторым рэальным людзям. Дзіўна тое, што супадаюць не толькі характары персанажаў, але і іх імёны. Так было i з наступным вершам.


НОВАЯ ПАРА — ДЗЕД І ТАМАРА
(з Міколы Дзмітрыева)

Падышла да загса пара —
Дзед Мяфодзій i Тамара.
Дзед сагнуўся ў тры дугі,
А малодка: «Гі-гі-гі!»
Ля стала, у цэнтры зала,
Сакратарка ім сказала:
— Не магу я распісаць,
Трэба месяц пачакаць...
Твар змяніўся у Тамары,
Пабялела — не пазнаць:
— Гэта ж горш нябеснай кары,
Месяц нудзіцца, чакаць!..
Праўда, мне чакаць — не ноша.
Але ж гляньце на Мяфошу:
Ён жа добра стараваты,
Да таго ж i глухаваты,
Ён за месяц, мая люба,
Бачыш, можа ўрэзаць дуба!
А загнецца —
Мігам страчу
Ашчадкніжку, «Волгу», дачу!..
— Не хвалюйся: твой Мяфод
Пражыве яшчэ сто год.
Знаю гэта, бо не раз
Дзед бываў у загсе ў нас.
Жонак трох ці чатырох
Перажыць старэча змог.
Ты ўжо, мусіць, пятай будзеш.
Так што, —
Бачаць гэта людзі, —
Невядома, мая люба,
Хто хутчэй урэжа дуба!



     Яшчэ адзін бок творчасці Міколы – літаратурныя пародыі.
У пагоні за новай рыфмай паэты часта даходзяць да смешнага. Пра гэта пародыя на верш Васіля Зуёнка

ЦЫКЛОНАЦЫКЛОПЫ

Сакавік. Дажджы асеннія...
Над зямлёй,
як гнёт,
цыклоны.
Дзе ты, сонца, з цёплай сеўняю?..
Ці не злопалі
цыклопы?
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
... А там і да рыфмы —
пяром падаць.

(Васіль Зуёнак)


У смутку я,
у смутку ўся Еўропа,
Па ўсёй зямлі
жалобы чорнай след:
Цыклоп,
як тую бэру,
сонца злопаў...
Хіба ж не душагуб,
не касмаед?
Я ўвесь напяўся:
зноўку злыдзень гэты
Вачыма хціва бліснуў, штось гундзіць.
Няўжо мяне прыняў ён
за ранета?
Няўжо і мне
лес сонца раздзяліць?
Цыклоп з цыклопіхай
пусціўся ў скокі,
Спраўляюць баль,
падобна сатане!
Цыклоп
(я добра знаю)
аднавокі,
А вось жа скмеціў
сонца і мяне!
А над зямлёй —
залеўныя цыклоны
Цыклопам ва ўнісон гудуць, гнятуць.
О, хіжыя цыклоны i цыклопы,
Калі ж вас антыродзічы змятуць?..
Я да мяча,
да стрэльбы я рвануўся —
Патрэбна ж неяк з ліхам
саўладаць!
...Я гэты б сон вам не расказваў, мусіць,
Але ж да рыфмы, бач, —
пяром падаць!


Наш добры знаёмы Віктар Гардзей таксама не застаўся без увагі:

Шпількі адзіноты

Ці здалося з адзіноты,
Ці прымроілася ў сне, —
Праз глыбокія сумёты
Ты прыбегла да мяне.
Пранізалі снежны морак
Тваіх зрэнак светлячкі.
Ціхі шэпат.
Ціхі шорах.
Шпількі выпалі з рукі.
Пахнуць холадам радзімкі
I дрыжыш ты ўся сама...
В. Г а р д з е й

Я ў абдымках адзіноты
Цэлы тыдзень знемагаў,
Не хапала мне пяшчоты,
Па былым штодня ўздыхаў.

Дзе ты, першае спатканне,
Мройных золкаў цішыня?
Дзе ты, першае каханне,
Рук i вуснаў цеплыня?

Я здзічэў бы ад самоты,
Ды аднойчы (хоць i ў сне!)
Праз глыбокія сумёты
Ты прыбегла да мяне.

Я забыў, што снежны морак —
Здрады сполах трапяткі.
Ціхі шэпат.
Ціхі шорах.
Шпількі выпалі з рукі.

«Не ўкалюся?.. Жартаў мала!..» —
Я табе шапнуць хацеў.
Ты чамусьці ўся дрыжала,
Я таксама затрымцеў.

Ты пабегла ў ранак золкі,
Зноў застаўся я адзін.
Шпількі...
Не, твае прыколкі
Засталіся на ўспамін.

Ix, як скарб, цяпер хаваю,
З імі больш твайго цяпла,
Хоць трывожуся, бывае,—
Жонка б толькі не знайшла!



Мікола Чарняўскі – просты ў зносінах чалавек, добры настаўнік, выдатны паэт. Моцнага здароўя яму і новых вяршыняў у творчасці!




Артыкул падрыхтаваў Сяргей Махнач