Никанор Морозов. Испытание минометов

Памяти Никанора Морозова
                ВЫПРАБАВАННЕ МІНАМЁТАЎ

Неяк праз лінію фронту для нашага 600-га партызанскага палка, які тады базіраваўся ў Прыхабскіх лясах, пераправілі два мінамёты. Тады яны мелі канкрэтнае прызначэнне: камандаванне партызанскага злучэння вырашыла знішчыць фашысцкую праверачную сістэму на адрэзку шашы Бялынічы-Магілёў.
Для размініравання і праверкі дарогі немцы абсталявалі так званы капёр на ўсю шырыню шашы. Зрабілі яго з тоўстых дошак. У мясцовых жыхароў яны забіралі шасцёрку коней і запрагалі іх у капёр. Наверх саджалі сялянскага хлапчука, які правіў коньмі і паганяў іх. Вось гэтак з цынічнай жорсткасцю яны абясшкоджвалі міны, якія трывожылі іх амаль штодзень. Вядома, партызаны ведалі аб фашысцкім метадзе размініравання дарогі і знаходзілі іншыя шляхі для дыверсій.
Для выпрабавання мінамётаў, перапраўленых з Вялікай зямлі, у нашым атрадзе быў выдзелены першы батальён. Вопытны і адважны мінамётчык для падносу мін узяў мяне і яшчэ аднаго байца. Уначы мы ціха прайшлі да шашы і занялі зручную пазіцыю. Яшчэ адзін узвод партызан залёг на другім баку шашы. З мінамётам наш разлік размясціўся ў нізіне на лугавіне.
Світанне наступіла неяк адразу, непрыкметна. У ранішнім прыцемку мы заўважылі, як на праверачным ўчастку шашы шасцёра коней цягнулі капёр. На ім сядзеў хлопец і кіраваў коньмі. Метрах у паўста ззаду ішлі немцы, трымаючы на пагатове зброю. Дулы вінтовак былі нацэленыя ў спіну хлапчуку-капёршчыку. Фрыцы баяліся, каб той не ўцёк у лес.
Як толькі немцы параўняліся з засадай, партызаны ва ўпор расстралялі гітлераўцаў і ўзялі іх зброю.
У гэты момант у раёне цяперашняга размяшчэння двара закупу жывёлы саўгаса «Бялынічы», каля Няроплі, дзе тады знаходзіліся ўмацаваныя фашысцкія бункеры, сабраліся на пастраенне немцы і паліцаі. Яны, відавочна, рыхтаваліся даць бой нашаму атраду. Але прыцэл, выбраны нашым мінамётчыкам, аказаўся дакладным. Першая ж міна трапіла якраз у вялікую групу ворагаў.
Шмат баявых аперацый правялі мы з дапамогай тых мінамётаў.


З успамінаў Ніканора Ягоравіча Марозава (1904-1988), партызана 600-га партызанскага палка, кавалера ордэнаў Славы ІІ і ІІІ ступені, ордэна Чырвонай зоркі