Никанор Морозов. Два Ивана. Незабываемые страницы

Памяти Никанора Морозова
Прозвішчы гэтых хлопцаў з гадамі сцёрліся з памяці, а вось што абодвух звалі Іванамі, памятаю добра. Прычым, аднаго з іх за чарнявую чупрыну і вясёлы нораў звалі ў атрадзе Іван-цыганок.
Моцна сябравалі хлопцы. Такая дружба была, што, як кажуць, вадою не разліць. Усюды яны разам: і на баявыя заданні, і ў гадзіны адпачынку. Калі ў разведку, то толькі ўдваіх. Здаралася, што іншы раз яны траплялі ў такі пераплёт, што, здавалася, ужо і выйсця няма, але яны выходзілі, як кажуць, з вады сухімі.
Адправіліся два Іваны, каб прасачыць, што робіцца на шашы Бялынічы-Магілёў, колькі  якой тэхнікі рухаецца і з якім грузам.
Хмызняком прабраліся да самой шашы. Замаскіраваліся і назіраюць. Што запісваюць на шматках бяросты, што на вус наматваюць: усё спатрэбіцца камандаванню пры распрацоўцы далейшых баявых аперацый.
Усё, як ёсць, разведалі. Ужо і ў атрад вяртацца пара.
Ідуць і бачаць на мастку, што праз невялікую рачулку, вартавы немец ходзіць. Прытаіліся ў прыбярэжным хмызняку, агледзеліся – нідзе нікога, адзін вартавы.
– Давай прыхопім яго з сабою, – прапанаваў Іван-цыганок.
– Давай! – згадзіўся сябра.
Улучыўшы зручны момант, Іван-цыганок накінуўся ззаду на фрыца і што было сілы заціснуў яму рот. Падскочыў другі Іван на дапамогу. Але не тут было! Немец аказаўся дужы – давялося павазіцца, пакуль, нарэшце, звалілі яго з ног. Яно б, праўда, маглі б і хутчэй справіцца, але ж усё стараліся зрабіць без шуму.
Астатняе, як кажуць, – справа тэхнікі. Усунулі ў рот кляп, адвалаклі крыху ў хмызняк, а там пад дуламі двух аўтаматаў немец пайшоў сваім ходам.
Камандзір партызанскага палка таварыш Грышын ад душы падзякаваў сябрам Іванам за знаходлівасць і за «языка», які даў даволі цікавыя звесткі.


З успамінаў Ніканора Ягоравіча Марозава (1904-1988), партызана 600-га партызанскага палка, кавалера ордэнаў Славы ІІ і ІІІ ступені, ордэна Чырвонай зоркі