Пацалунак

Леонид Пранчак
ПАЦАЛУНАК

Не кліч і не шукай… З тае пары
Мінула столькі.Час не паратунак.
І, што было на хутары лясным,
Я ўсё забыў бы, каб не пацалунак.

Мы беглі па узлеску басанож.
Маўчалі сосны – казачныя здані.
І падаў дождж, сляпы цыганскі дождж.
І наступала шэрае світанне.

Усмешлівыя вусны не злавіць.
Таго, што адбылося – не з’іначыць.
Я ўсё забыў, ды не магу забыць
Твой ціхі смех і шэпат твой гарачы.

Душы і сэрца першае зліццё,
Нязнаная і хмельная пяшчота.
Я ўсё забыў. Запомніў пачуццё
Высокага  салодкага палёту.

Які прыгожым здаўся белы свет!
Я ў шчасце верыў шчыра і бясконца.
У вочы – вочы. Глянуў – і аслеп.
Вакол імжа, а там – свяціла сонца!

Усё было, нібы чароўны сон.
Свет азарыла ты падобна промню.
Я ўсё забыў. Мінула столькі дзён.
Я ўсё забыў, таму так добра помню.


16 траўня 2015