Мiнскi вецер

Сержук Сыс
Дурны сталічны вецер
Пяском засыпаў вочы…
Стаю нібыта ў клеці,
Куды такому крочыць?

Пасунуўся памалу,
Ды чую дзікі віскат:
Тармозяць самазвалы
Занадта нешта блізка.

Звярнуў кудысь направа –
Спыняе крык замежны:
"Куда ты прёшь, раззява",
І ўдары у прамежнасць.

Ці я не ў Беларусі?
Стаю, каўтаю слёзы,
А потым павярнуўся –
Дык рэзнуўся ў бярозу.

Дурны сталічны вецер
Пяском засыпаў вочы…
Стаю нібыта ў клеці,
Куды такому крочыць?